Бярозаўскія праваабаронцы і грамадскія актывісты раяцца з райвыканкамам
Бярозаўскі райвыканкам па просьбе праваабаронцаў не пагадзіўся мяняць сваё рашэнне ад 9 лютага 2010 года “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Бярозаўскім раёне”, узгадняючы яго з больш познімі Пастановамі Саўміна для таго, каб можна было заключаць дамовы з міліцыяй і бальніцай.
Паводле Пастановы Савета міністраў ад 2012 года № 207 райвыканкам павінен даслаць да іх копію зарэгістраванай заявы на пікет (чаго райвыканкам не зрабіў) і толькі тады могуць быць абмеркаваныя з райвыканкамам дзеянні міліцыі пад час пікету. Бальніца бярозаўская не заключыла дамовы, бо гэта не прапісана ў дакументах Міністэрства аховы здароўя і няма нават прэйскуранта на такія паслугі.
Варта нагадаць, што пры падачы заяўкі пікеты 10 кастрычніка і 10 лістапада ўзнікла праблема па заключэнні дамоваў і з жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Калі на пікет 4 жніўня з камунальшчыкамі не было праблем па заключэнні дамовы, то на пікеты 10 кастрычніка і 10 лістапада праваабаронцы атрымалі ад паведамленне за подпісам дырэктара ЖКГ Валерыя Клімчука аб тым, што стадыёны з’яўляюцца ўласнасцю райвыканкама і для заключэння дамоваў трэба звяртацца да ўласніка.
У такім разе праваабаронцы і грамадскія актывісты ў чарговым запыце папрасілі райвыканкам падказаць, як жа ім заключыць дамовы з вышэйпералічанымі ўстановамі ў тым ліку і з імі на прыборку тэрыторыі.
Паўстае яшчэ адно пытанне: чаму райвыканкам ігнаруе Дырэктыву прэзідэнта № 2 аб дэбюракратызацыі? Чаму патрэбна беларускім грамадзянам спісаць горы папер, адарваць ад больш важных заняткаў дзесяткі спецыялістаў, каб вырашыць простае і яснае пытанне як заключэнне дамоў з міліцыяй, бальніцай і ЖКГ. І калі пікет малалікі, ці патрэбныя наогул гэтыя дамовы?