viasna on patreon

Намінанты прэміі Гавела даслалі Алесю Бяляцкаму віншаванні з гэтай узнагародай

2013 2013-11-15T14:59:00+0300 2013-11-22T12:09:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lewis_oliver.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Олівер Льюіс, дырэктар Цэнтра абароны асобаў з псіхічнай інваліднасцю (Венгрыя)

Олівер Льюіс, дырэктар Цэнтра абароны асобаў з псіхічнай інваліднасцю (Венгрыя)

Ліст з віншаваннем Алесю Бяляцкаму ў бабруйскую калонію прыйшоў ад Цэнтра абароны асобаў з псіхічнай інваліднасцю (Mental Disability Advocacy Center (MDAC)) з Венгрыі.  

Дырэктар цэнтра Олівер Льюіс піша, што венгерскія праваабаронцы сочаць за лёсам беларускага палітвязня і раней звярталіся да беларускіх уладаў у сувязі з яго несправядлівым пераследам, а асоба Алеся Бяляцкага натхняе на далейшае змаганне за правы чалавека.  

“Я пішу з цёплымі пажаданнямі, даведаўшыся пра тое, што Вы нядаўна былі ўзнагароджаны праваабарончай прэміяй імя Вацлава Гавела. Для нас у MDAC вялікі гонар быць намінаванымі і трапіць у лонг-ліст гэтай Прэміі, і мы ад усёй душы віншуем Вас з узнагародай.

Мы працуем з праваабаронцамі па ўсім свеце, і ўсе яны змагаюцца за правы людзей з псіхічнымі захворваннямі. Людзі накшталт Вас натхняюць нас надалей выступаць супраць парушэнняў правоў чалавека, з якімі многія па-ранейшаму сутыкаюцца кожны дзень. Мы ніколі не стамляемся інфармаваць грамадскасць пра тое, наколькі шмат людзей апынаюцца ва ўстановах проста праз тое, што маюць інваліднасць, або пра тых, супраць каго выкарыстоўваюць псіхіятрычнае лячэнне ў сувязі з іх палітычнымі поглядамі.

Нашы супрацоўнікі сочаць за Вашай справай на працягу пэўнага часу, і мы верым, што Ваша зняволенне з'яўляецца несправядлівым. Мы таксама звярталіся да беларускага ўрада, каб выказаць нашу заклапочанасць. Я ведаю, што гэта можа быць слабым суцяшэннем для Вас, але я спадзяюся, што Вы адчуваеце, што міжнародная супольнасць разам з Вамі.

Калі ласка, прыміце нашы самыя цёплыя пажаданні, і мы з нецярпеннем чакаем таго дня, калі Вы зноў апынецеся на волі.

З павагай,
Олівер Льюіс,
выканаўчы дырэктар”

У адказ Алесь Бяляцкі перадае спадару Оліверу Льюісу і яго калегам з MDAC падзяку за цёплыя словы падтрымкі.

Нагадаем, на першую Прэмію імя Вацлава Гавела за правы чалавека, якая ўручаецца ПАСЕ сумесна з Бібліятэкай Вацлава Гавела і фондам "Хартыя 77", было вылучана 27 кандыдатаў. Венгерскі Цэнтр абароны асобаў з псіхічнай інваліднасцю ўваходзіў у шасцёрку намінантаў на прэмію разам з Венгерскім Хельсінкскім камітэтам, расійскай праваабаронцай Людмілай Аляксеевай, беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім, грузінскай Асацыяцыяй маладых юрыстаў і кітайскай арганізацыяй Rights Defence Network. Апошняя тройка пасля склала шорт-ліст. 30 верасня лаўрэатам прэміі стаў Алесь Бяляцкі, зняволены кіраўнік ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH).

Ліст Алесю Бяляцкаму з MDAC

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства