Праваабаронцы адзначаюць некрытычныя змены ў салігорскай медыяпрасторы
Салігорскія прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэту працягваюць адсочваць сітуацыю са свабодай слова ў рэгіёне. Праваабаронцы адзначаюць захаванне статусу-кво у гэтай сферы цягам апошніх месяцаў з невялікім крэнам у бок паляпшэння сітуацыі.
Набор гульцоў у медыйнай прасторы Салігоршчыны застаецца практычна нязменным ужо шмат год. Ролю флагмана незалежнага слова ў рэгіёне па ранейшаму грае сайт САЛІГОРСК.org. Пасля летняй турбуленцыі рэдакцыя аднавіла стабільную працу. Калійная вайна, навіны праваабарончага руху, грамадска-палітычныя падзеі ў рэгіёне і краіне - нічога не застаецца па-за ўвагай незалежнага рэсурсу. Афіцыйна зарэгістраваная рэгіянальная слуцка-салігорская газета “Інфа-Кур’ер” таксама можа пахваліцца наяўнасцю даволі вострых артыкулаў на старонках свайго выдання. Не цураецца незалежнай інфармацыі малады сайт “Салігорск-Інфа”, але патрэбнага прагрэсу ў працы інтэрнэт-партала праваабаронцы за апошні час не заўважылі.
Стан дзяржаўных медыяў праваабаронцы характарэзуюць словам стагнацыя. Змена дызайнаў на сайтах выканкамаўскай раёнкі “Шахцёр” і Салігорскага тэлеканала не змяніла сутнасці ствараемага імі інфармацыйнага прадукта. Ідэалагічныя забабоны, адсутнасць крытычных матэрыялаў ды калгасна-фальклёрная тэматыка наўрад ці могуць мець сур’ёзны ўплыў на свядомасць грамадзян. З іншага боку жыхары рэгіёну, якія ня маюць доступу да ўсюдыіснага інтэрнэту, трапляюць у сапраўднае інфармацыйнае гета дзяржаўных СМІ.
Пэўныя станоўчыя тэндэнцыі адзначаюць праваабаронцы ў палітыцы двух найбуйнейшых прыватных медыях Салігоршчыны. Гаворка пра сайт “Электронный Салігорск” і газету “Лідэр-Прэс”. Хоць абодва СМІ даўно набліжаюцца да ўзроўню праўладных рэкламных выданняў з жорсткай самацэнзурай, апошнім часам у іх рэдакцыйнай палітыцы бачыцца нейкае святло ў канцы тунэля. “Электронны Салігорск” стаў радаваць наведвальнікаў большай колькасцю арыгінальных матэрыялаў, але пакуль гэта пераважна фотачкі салігорскіх навабудаў, а не востра сацыяльная тэматыка. Газета ж “Лідэр-Прэс” наогул зрабіла канцэптуальны рывок. Назваць выданне незалежным, безумоўна, немагчыма, але цяпер там насамрэч ёсць што пачытаць акрамя рэкламных абвестак.