Алесь Бяляцкі просіць падтрымаць інтэрнэт-архіў “Вытокі”
Палітзняволены кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна"Алесь Бяляцкі нават у калоніі цікавіцца стварэннем і працай інтэрнэт-архіву "Вытокі". Да свайго арышту, на волі ён быў адным з ініцыятараў стварэння гэтага праекту.
Пра тое, што цікавасць Бяляцкага да гэтага архіву не знікла, сведчыць ліст ад яго, які атрымала праваабаронца Алена Лапцёнак. Зняволены праваабаронца прачытаў аб дзейнасці інтэрнэт-архіву "Вытокі" у газетах, якія атрымлівае, і заклікае грамадскасць падтрымаць гэты праект.
Алена Лапцёнак:
- Алесь узрадаваны, што ёсць інфармацыя пра «Вытокі», таму што грамадскі віртуальны архіў – гэта супольная ініцыятыва «Вясны», «Дыярыюша», Асамблеі і «Супольнасці». Алесь прыкладаў намаганні, каб гэты вэб-сайт запрацаваў. І ён просіць, каб усе, хто можа, падтрымалі архіў. Цікавіць усё, што датычыць актыўнасці падзеяў і таго, што было вакол іх: лісты, фота, абвесткі, пратаколы, рэзалюцыі, улёткі, самвыдат, успаміны.
Як сказала Алена Лапцёнак, вельмі важна, каб матэрыялы, якія захоўваюцца ў людзей, не губляліся з цягам часу, а траплялі ў гэты архіў.