Пад ціскам салігорскай грамадскасці парламентарыі ставяць пытанне пра будаўніцтва паліклінікі
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Салігоршчыны Яўген Абаленскі і Таіса Данілевіч нарэшце звярнулі сваю ўвагу на неабходнасць будаўніцтва ў сталіцы шахцёраў новай паліклінікі. Адбылося гэта пасля шматлікіх зваротаў да іх з боку мясцовых дэмакратычных актывістаў.
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Малочка ўжо шмат гадоў займаецца абаронай права жыхароў Салігорску на ахову здароўя і дамагаецца ад уладаў выканання канстытуцыйных абавязкаў па забеспячэнні магчымасці карыстацца ўстановамі аховы здароўя. Апошнім адказам салігорскіх парламентарыяў на свой запыт спадар Малочка збольшага задаволены.
- Мы дамагліся ад Абаленскага і Данілевіч дэпутацкага запыту ў Міністэрства аховы здароўя па пытанні будаўніцтва новай паліклінікі ў Салігорску. Больш за тое, на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі яны мусяць звярнуцца да Урада з прапановай аб уключэнні ў план фінансавання на наступны год будаўніцтва новай паліклінікі ў нашым горадзе. Усё ж такі гэта ўзняццё праблемы на больш высокі ўзровень. Дэпутаты разумеюць важнасць узнятага пытання, таму маем спадзеў на станоўчы вынік, - кажа Віктар Малочка.
Варта адзанчыць, што Міністэрства аховы здароўя адкрыта прызнае існуючую праблему. Толькі па афіцыйных дадзеных наведвальнасць салігорскай паліклінікі, пабудаванай яшчэ ў 1976 годзе і разлічанай на 600 наведванняў у змену, фактычна складае 2100 чалавек штодня. Такая сітуацыя звязана не толькі з павелічэннем гарадскога насельніцтва, але і з абслугоўваннем жыхароў іншых гарадоў і раёнаў, у якіх адсутнічаюць адпаведныя спецыялісты. Паводле Міністэрства аховы задроўя, у 2014 годзе плануецца ўвод у эксплуатацыю філіі дзеючай паліклінікі ў новым мікрараёне, што мусіць зменшыць нагрузку на яе. Пасля гэтага Мінскім абласным выканаўчым камітэтам будзе разгледжана пытанне аб будаўніцтве новай паліклінікі.