Лістапад распачаўся новым судовым працэсам у Жодзіне
1 лістапада з 10-00 да 12-40 у будынку Жодзінскага гарадзкога суду праходзіла першае паседжаньне па разглядзе судовай справы па забароне гарадзкімі ўладамі 4 жніўня мірнага пікетаваньня ў падтрымку палітвязьня, вядомага праваабаронцы, старшыні закрытага ўладамі Праваабарончага Цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага ды іншых палітвязьняў.
Паседжаньне вёў судзьдзя Іван Грынкевіч. Зацікаўлены бок па справе прадстаўляла загадчыца юрыдычным адзьдзелам Жодзінскага гарвыканкаму Вольга Вергель.
Як паведамляе Беларускі Праўны Партал, адметнасьцю дадзенай справы ёсьць тое, што заяўнікі па ёй, праваабаронцы Аляксей Лапіцкі і Сьвятлана Лапіцкая, аспрэчваюць чарговую адмову ім у рэалізацыі права на пікетаваньне ва ўмовах дзеяньня новай для Жодзіна пастановы мясцовайулады ад 27 ліпеня 2012 году за №1020 “Аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў у горадзе Жодзіне”. На практыцы, як у гэтым пераканаліся заяўнікі, дадзены дакумэнт значна ўскладніў працэдуру падачы заяўкі, зрабіў яе проста невыканальнай і толькі перашкаджае ў рэалізацыі гараджанамі іхных неад’емных правоў на публічнае выказваньне ўласных меркаваньняў і мірныя сходы. У адпаведнасьці з новым палажэньнем арганізатары да заяўкі ў выканкам павінны прыкладаць дадаткова і копіі дамоваў зь міліцыяй, мэдыкамі ды камунальнікамі. Але апошнія не заключаюць такіх дамоваў да моманту атрыманьня адпаведнага дазволу з выканкаму на правядзеньне масавага мерапрыемства.
У сувязі з гэтым заяўнікі просілі суд вывучыць абставіны адмовы ў правядзеньні пікетаваньня, знайсьці вінаватых, а таксама паставіць перад вышэйшымі судовымі інстанцыямі (ВС і Канстытуцыйным судом) пытаньне пра неадпаведнасьць, у прыватнасьці, патрабаваньняў п.5 Рашэньня №1020 спэцыялізаванаму Закону "Аб масавых мерапрыемствах", арт.35 і арт.23 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арт.21 і арт.19 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Прадстаўніца выканкаму прапанавала суду спыніць разгляд справы з-за ейнай быццам бы непадсуднасьці, матывуючы гэта тым, што выканкам зусім і не забараняў заяўленае пікетаваньне (?) і ягонае рашэньне неабходна было аспрэчваць у дасудовым парадку праз Менаблвыканкам...
Аднак, пасьля прадстаўленьня пазыцыяў, задачы пытаньняў і дыскусіі, суд прыняў да выкананьня шэраг хадайніцтваў з боку заяўнікоў. У выніку ў наступнае судовае паседжаньне, якое адбудзецца 8 лістапада, выклікаюцца прадстаўнікі Жодзінкіх ГАЎС, ЖКГ і Гарадзкой лякарні для дачы паказаньняў па справе. У тым ліку будзе прыцягнуты для вывучэньня пастаўленых заяўнікамі пытаньняў пратакол з прынятымі цалкам у 2011 годзе заўвагамі да яго (гэтыя дакумэнты маюцца тут). Будуць вывучацца таксама прадстаўленыя кіраўнікамі ГАЎС, ЖКГ і ГТМА афіцыйныя адказы на запыты суду адносна заключэньня дамоваў ды іншыя неабходныя для агляду ў судовым паседжаньні дакумэнты.
Паводле Беларускага Праўнага Парталу,