24 красавіка ў Менску у сядзібе Партыі БНФ адбудзецца паказ фільму “Верыць толькі ветру”, прысьвечаны ўгодкам Чарнобыльскай трагедыі
Рэжысёр дакументальнай стужкі “Верыць толькі ветру” Віктар Корзун. Галоўная гераіня фільму - дазіметрыстка прылеглай да зоны адсяленьня вёскі Настасься Пятроўна, ліквідатар. Аўтары фільм наўмысна не называюць прозьвішча жанчыны вёску і раён, дзе адбываліся здымкі. Настасься Пятроўна суправаджае ў забруджаную зону, распавядае як было ў 1986 годзе, якая сітуацыя цяпер, і разважае пра жыцьцё і радыяцыю.
Паралельна гучыць інтэрвію з Іванам Нікітчанкам, прафэсарам, акадэмікам, ліквідатарам: “Я б пажадаў усім людзям узгадаць пра тую небясьпеку, у якой яны знаходзяцца. Пра сваіх нашчадкаў трэба думаць”.
Віктар Корзун распавёў Радыё Свабодзе, што ў яго не было жаданьня адмыслова абвастраць нешта: "Не рабіць плаксівасьць. Сама гераіня, яна часам парадаксальная ў сваіх аповедах. Яна ўвесь час кажа, маўляў, усё нармальна, тым больш зараз. І пры гэтым праз сказ у яе пра сьмерць”.
У фільме шмат імправізацыяў. Напрыклад, кадр з камбайнам, які працуе ў самой зоне, за знакам пра забарону на ўезд, і папярэджаньне пра радыяцыйную бясьпеку.
Дагэтуль яшчэ мала хто бачыў фільм “Верыць толькі ветру”. Адзін з першых Ільля Богдан: “Фільм даволі цікавы, ён новы, ён сьвежы. У ім, напэўна, закранулі тое, што раней не закраналі”.
Віктар Корзун прызнаўся, што для яго самае галоўнае ўражаньня ад працы над фільмам у тым, што практычна нічога невядома пра тое, што адбываецца ў зоне. “Верыць толькі ветру” будзе прэзэнтаваны 24 красавіка ў Менску у сядзібе Партыі БНФ.