Камiсiя Гомельскай жаночай калонii рэкамендавала вызвалiць умоўна-датэрмiнова Кацярыну Садоўскую
Пра магчымасць умоўна-датэрмiновага вызвалення 60-гадовая Кацярына Садоўская напiсала ў апошнiм лiсце дамоў. Кацярына паведамiла мужу, што камiсiя Гомельскай жаночай калонii рэкамендавала вызвалiць яе ўмоўна-датэрмiнова. Магчыма, ужо ў красавiку вядомая праваабаронца зможа выйсцi на волю, піша "Народная Воля".
23 кастрычнiка 2006 года суд Ленiнскага раёна Мiнска асудзiў 60-гадовую Кацярыну Садоўскую да двух гадоў зняволення з адбываннем пакарання ў калонii агульнага рэжыму. Падставай для крымiнальнай справы стаў неадпраўлены лiст, знойдзены падчас вобыску ў кватэры жанчыны, у якiм яна абвiнавацiла кiраўнiка дзяржавы ў крымiнальных злачынствах i назвала яго “монстрам”. Мовазнаўчая экспертыза вырашыла, што ўжытае слова з'яўляецца параўнаннем з жывёлай i абражае асобу.
Паводле судовага рашэння, Кацярына Садоўская абавязана выплацiць 4 мiльёны рублёў у якасцi маральнай кампенсацыi суддзям Кiраўскага раённага суда Чмары i Улiцiнай плюс пагасiць усе судовыя выдаткi.
Дзецi, муж-iнвалiд, 85-гадовая мацi Кацярыны Садоўскай не чакалi такога жорсткага прысуду (пра смерць мацi К.Садоўская деведалася з тэлеграмы мужа). Тым больш што год таму, якраз у красавiку, жанчына перанесла анкалагiчную аперацыю.
“Узялi падпiску, што нiкога не будзе зневажаць. Пiша, што ў калонii было пасяджэнне спецыяльнай камiсii, якая рэкамендавала ўмоўна-датэрмiновае вызваленне”, — кажа муж Вiктар Садоўскi.
Судовая практыка ведае выпадкi, калi зняволеных вызвалялi яшчэ да таго, як яны адбудуць палову тэрмiну зняволення. Да прыкладу, асуджаны на два гады зняволення адзiн з лiдэраў грамадзянскай iнiцыятывы “Партнёрства” Мiкалай Астрэйка выйшаў на волю праз 9 месяцаў; зняволенне замянiлi на папраўчыя працы.