Суд перанёс перагляд справы Уладзіміра Лабковіча
Праваабаронца абскарджвае штраф у 3 млн рублёў і абвінавачванне ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння. Разам з калегай Таццянай Рэвякай яго затрымалі, калі яны раздавалі мінакам паштоўкі з выявай зняволення Алеся Бяляцкага.
Мінскі гарадскі суд, разгледзеўшы касацыйную скаргу праваабаронцы, пастанавіў скасаваць рашэнне Савецкага райсуду і накіраваў справу на перагляд да новага суддзі.
Разгляд справы пачаўся сёння, 18 верасня, у 11.00.
12.05 - у судзе абвешчаны перапынак да 14.00, паколькі на паседжанне не з'явіўся супрацоўнік міліцыі Смаляк, які ажыццяўляў затрыманне праваабароцаў.
14.00 - справу будзе разглядаць намеснік старшыні суда Савецкага раёну Якубоўскі Эдуард Эдуардавіч.
14.25 - разгляд справы перанесены на 30 верасня, 9.15 гадз. Прычына - сведка Смаляк так і не з'явіўся на судовае паседжанне. Па меркаванні праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча, супрацоўніка міліцыі варта прыцягнуць да адказнасці за непавагу да суду.
Даведка
6 жніўня праваабаронцаў Лабковіча і Рэвяка прызналі вінаватымі паводле арт.23.34 КаАПП - парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства. Іх затрымалі 5 жніўня каля ЦУМу, дзе яны раздавалі паштоўкі з нагоды другой гадавіны арышту старшыні ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага. Касацыйную скаргу Таццяны Рэвякі суд не задаволіў.