Для чаго Гомельскі гарвыканкам прыняў новае рашэнне аб масавых мерапрыемствах?
Гомельскі гарвыканкам прыняў новае рашэнне аб масавых мерапрыемствах, якое ўступіла ў сілу з 5 верасня. На сайце гарвыканкаму паведамляецца, што мэтай прыняцця дадзенага рашэння з'яўляецца «пашырэнне пераліку месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Гомелі, арганізатарамі якіх выступаюць грамадзяне, палітычныя партыі, прафесійныя саюзы, іншыя арганізацыі, а таксама ўдасканаленне ўзаемадзеяння арганізатараў масавых мерапрыемстваў і мясцовых органаў улады».
Раней у горадзе была толькі адна пляцоўка для правядзення пікетаў і мітынгу – у спальным раёне, каля ДК «Віпра» таварыства глухіх. Людзей там днём з агнём было не знайсці, хіба толькі сабачнікі выгульвалі сваіх «братоў меншых».
Зараз жа, пасля прыняцця новага рашэння «з мэтай пашырэння пераліку месцаў», у Гомелі будзе дзве пляцоўкі для пікетаў і мітынгаў. Прычым адна – у аддаленым мікрараёне Навабеліца, ля дзіцячай спартыўнай школы, а другая – на іншым канцы горада, у раёне, дзе размешчаны толькі прамысловыя будынкі, заводы і фабрыкі – пляцоўку ля сквера на скрыжаванні вуліц Барыкіна і Вайсковай. Там нават і сабачнікі ніколі сваіх хатніх жывёл не выгульваюць. У скверы каля скрыжавання Барыкіна і Вайсковай выпадкова можна сустрэць толькі асоб без сталага месца жыхарства (бяздомных).
Цікава, што ранейшая адзіная пляцоўка была хоць у некалькіх кіламетрах ад цэнтру Гомеля, гэтыя ж пляцоўкі наогул размешчаны ў такіх месцах, што цяжка і на мапе знайсці.
Напэўна, гарвыканкам здзекуецца, калі піша, што рашэнне прынятае з мэтай пашырэння пляцовак, і з мэтай удасканалення ўзаемадзеяння арганізатараў і органаў улады. Таксама ў новым рашэнні перапісаны пункты мінулага рашэння аб абавязковым заключэнні платных дамоў з міліцыяй, «хуткай» і камунальнікамі.
Варта заўважыць, што праз некалькі месяцаў у Гомелі будзе святкавацца дзесяцігоддзе з таго дня, як у горадзе прайшоў апошні мітынг, дазволены ўладамі. З таго часу, з 2004 году, Гомельскі гарвыканкам не даў дазвол на правядзенне ў горадзе ніводнага масавага мерапрыемства, планаванага апазіцыяй ці НДА.