viasna on patreon

Помнік архітэктуры ХVІІІ стагодзьдзя, палацава-паркавы комплекс Сьвяцак, які належаў вядомаму беларускаму роду Валовічаў, разбураецца

2007 2007-04-02T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палац знаходзіцца за 15 кілямэтраў ад Горадні. Не ратуе яго й блізкасьць да турыстычнай зоны, Аўгустоўскага каналу. Палац двойчы выстаўлялі на аўкцыён, але так і не прадалі, паведаміла Радыё Свабода.

Ужо больш як паўтара году таму з палацу ў Сьвяцку выселілі санаторый для хворых на сухоты і перадалі помнік на балянс Гарадзенскага райвыканкаму.

У будынку надалей застаецца толькі былы галоўны лекар Тэрэза Геда, якая цяпер працуе загадчыцай гаспадаркі, а таксама тры вартаўнікі.

Два гады палац не ацяпляецца, дзе-нідзе няма шыбаў, прагніў бляшаны дах, сьцены будынку абвальваюцца.

У палацы засталася адзіная невялікая заля, якая нагадвае час графоў Валовічаў, але яна таксама пачала занепадаць. Кажа спадарыня Геда: “Можна сказаць, што заля ў крытычным стане таксама, пачалі развальвацца столі, пачаў крышыцца камін — карацей, стан мізэрны”.

“20 гадоў таму рэстаўрацыя была зробленая нікчэмная”

Гарадзенскі гісторык Ігар Трусаў апавядае, што апошняя рэстаўрацыя палацу была дваццаць гадоў таму, але зрабілі яе абы-як: “Вынік мы цяпер бачым. Рэстаўрацыя была зробленая ня тое што паводле эўрапэйскіх стандартаў, нават паводле савецкіх — нікчэмная. Няма бляхі цынкаванай, а толькі пафарбаваная, якая і паржавела. Няма нават нармальнай тынкоўкі й фарбы, і ніколі не было”.

У 2003-м, калі ўжо плянавалася аднаўленьне Аўгустоўскага каналу, са словаў спадара Трусава, мясцовым уладам параілі давесьці да ладу і палац у Сьвяцку, аднак гэтага не адбылося.

“У межах Аўгустоўскага каналу помніка такога ўзроўню папросту няма”

Ігар Трусаў лічыць, што палац можна ўпарадкаваць, калі сабраць сродкі на рэстаўрацыю з розных крыніцаў: “Грошы прыходзяць з розных крыніцаў, таму маглі б зрабіць і картэль міжнародны, каб адрэстаўраваць хаця б гэты будынак. Праўду кажучы, у межах Аўгустоўскага каналу помніка такога ўзроўню папросту няма”.

Намесьнік старшыні Гарадзенскага райвыканкаму Валеры Клімовіч ведае пра стан палацу ў Сьвяцку, але сказаць нечага канкрэтнага на гэты конт ня можа: “Я ж кажу, мы працуем у гэтым кірунку, але пакуль ня ўсё атрымліваецца”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства