viasna on patreon

Прафэсар Гарадзенскага мэдычнага ўнівэрсытэту А. Астроўскі будзе судзіцца зь кіраўніцтвам установы

2007 2007-04-02T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Алесь Астроўскі зьбіраецца абскардзіць загад рэктара ўніверсытэту Пятра Гарэліка аб пазбаўленьні яго месячнай грашовай прэміі ў памеры заробку, квартальнай прэміі ў памеры паловы заробку і вымове за прагул.

На пачатку сакавіка А. Астроўскі ўзяў удзел у міжнароднай навуковай канфэрэнцыі "Пытаньне Беларусі ў кантэксьце пашырэньня Эўразьвязу". Заяву аб прадастаўленьні двух дзён за ўласны рахунак падпісаў намесьнік рэктара. Але кіраўнік навучальнай установы П. Гарэлік, даведаўшыся, што прафэсар едзе на міжнародную канфэрэнцыю, не санкцыянаваную беларускімі ўладамі, вынес яму дысцыплінарнае пакараньне ў выглядзе вымовы і пазбаўленьня істотнай грашовай прэміі.

Астроўскі расцэньвае дзеяньні рэктара дыскрымінацыйнымі і зьбіраецца абскарджваць загад у судзе: "На працягу доўгага часу ў кіраўніцтва унівэрсытэту ўзьнікала многа пытаньняў да мяне ў зьвязку з маёй адраджэнскай дзейнасьцю, якой я займаюся на працягу свайго жыцьця, — патлумачыў прафэсар Радыё Рацыі. — Цяпер адносіны паміж мной і рэктарам канчаткова высьветліць суд".

Гарэлік кіруе Гарадзенскім мэдычным унівэрсытэтам сем год, і ўвесь гэты час Астроўскі падвяргаецца перыядычнаму перасьледу з боку кіраўніцтва за сваю грамадзкую пазыцыю і палітычныя погляды, якія не супадаюць з дзяржаўным пунктам гледжаньня. У прыватнасьці, ён зьяўляецца адзіным выкладчыкам унівэрсытэту, які чытае лекцыі выключна на беларускай мове.

25 сакавіка 2005 года прафэсара затрымалі супрацоўнікі гарадзенскай міліцыі каля Каложскай царквы падчас ускладаньня кветак да памятнага знаку "Пагоня на Грунвальд" і разам з шасьцю грамадзкімі актывістамі пратрымалі тры гадзіны ў пастарунку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства