Вадзім Канапацкі чакае ад суда задавальненьня ўсіх патрабаваньняў, выкладзеных у зыску аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі да газеты “Рэспубліка”
Судовая справа па зыску актывіста партыі БНФ Вадзіма Канапацкага да газеты “Рэспубліка” і журналіста гэтага выданьня Андрэя Сотнікава аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі будзе разгледжана ў судзе Савецкага раёна Менска 16 красавіка. Як стала вядома праваабарончаму цэнтру “Вясна”, маральны ўрон, нанесены публікацыяй, Вадзім Канапацкі ацаніў ў 10 мільёнаў рублёў, па 5 з абодвух адказчыкаў.
Нагадаем, што ў адным з лістападаўскіх нумароў газеты “Рэспубліка” за мінулы год у артыкуле журналіста Андрэя Сотнікава пад назвай “Деньги и «демократы” была пададзена інфармацыя пра тое, што нібыта “прадстаўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча В. Канапацкі атрымаў ад кіраўніка літоўскага офісу Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту (ІRI) Т. Олсэна грант у памеры 5 тысяч даляраў ЗША “на развіцьцё лясной інфраструктуры Мінскай вобласьці” і ўзяў гэтыя грошы сабе”.
Вадзім Канапацкі лічыць, што надрукаваная ў “Рэспубліцы” інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасьці, нанесла ўрон не толькі яго дзелавой рэпутацыі, паколькі ён актыўна займаецца грамадскай дзейнасьцю, але таксама і маральныя пакуты, якія выражаліся ў адчуваньні сораму перад знаёмымі, суседзямі і выбаршчыкамі. На той момант Вадзім Канапацкі быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў дэпутаты ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў.