viasna on patreon

Люстрацыя для Беларусі: быць ці ня быць?

2013 2013-07-30T12:20:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lystracia-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Круглы стол "Люстрацыя: быць ці не быць?

Круглы стол "Люстрацыя: быць ці не быць?

У Менску адбыўся круглы стол, на якім прадстаўнікі грамадскіх рухаў, кіраўнікі партый ды праваабаронцы абмеркавалі канцэпцыю люстрацыі пры пераходзе ад аўтарытарнага рэжыму да дэмакратыі. Тэрмін “люстрацыя”, альбо ачышчэнне грамадства,  для большасці беларусаў амаль невядомы, шмат пытанняў выклікаў ён і ў больш дасведчаных спецыялістаў, што прымалі ўдзел у дыскусіі.

Па словах актыўнай удзельніцы Рабочай групы па распрацоўцы гэтай канцэпцыі Валянціны Свяцкай, незалежныя эксперты і прадстаўнікі розных дэмакратычных арганізацый, не ставілі на мэце стварыць канчатковы дакумент, а напачатку прадставіць на абмеркаванне  папярэдні матэрыял, які паслужыць асноваю для сур’ёзнай і карпатлівай працы юрыстаў і законатворцаў.

“Шматлікія абмеркаванні, знаёмства з досведам суседзяў прывялі да стварэння тэксту “Люстрацыя для Беларусі”. Гэта не праект будучага закону, гэта, пакуль, “матэрыялы да канцэпцыі люстрацыі”. Але нам здаецца, што час пачынаць сур’ёзную размову на гэтую тэму. Іначай можна спазніцца” – адзначыла Свяцкая.

Адзін з сябраў адмысловай Рабочай групы па распрацоўцы гэтай канцэпцыі, гісторык Ігар Кузняцоў выказаў бачанне працэсу люстрацыі на Беларусі, распавёў пра вопыт замежных краін, і падзяліўся думкамі наконт далейшых крокаў па абмеркаванні канцэпцыі люстрацыі ў беларускім грамадстве.

Праз асуджэнне таталітарызму і аўтарытарызму грамадства можа атрымаць гарантыі ад рэстаўрацыі ранейшых рэжымаў і перайсці непасрэдна да люстрацыі, як палітычнай практыкі, сутнасць якой заключаецца ў заканадаўчым абмежаванні некаторых асобаў па прафесійных партыйных, рэлігійных альбо іншых прыкметах.

Ігар Кузняцоў сярод крытэрыяў такога абмежавання называе тры галоўныя: абмежаванне на заняцце некаторых канкрэтных дзяржаўных кіраўнічых пасад; прафесійную практыку, альбо забарону на прафесію; недатыкальнасць асабістага жыцця (паколькі ў ходзе люстрацыі дапушчаецца публічны распаўсюд інфармацыі кшталту супрацоўніцтва са спецслужбамі).

Важна пры гэтым , - адзначае Кузняцоў, - што адказваць павінны канкрэтныя людзі, якія свядома здзяйснялі супрацьпраўныя дзеянні, а не нейкая партыі, арганізацыі альбо іншыя структуры.

Юрыст Гары Паганяйла, які актыўна дыскутаваў пад час сустрэчы, прызнае што люстрацыя – вельмі складаны працэс: “Мы павінны дакладна сказаць, што ёсць злачынствам ў дадзенай вобласці. Разумець, што, напрыклад, захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам у Беларусі, які адбыўся ў лістападзе 1996 года, гэта кропка адліку і асноўнае злачынства, якое пасля перарасло ва ўтрыманне дзяржаўнай улады. І такім чынам, для тых, хто гэта здзяйсняў і ім актыўна дапамагаў, фактычна не будзе тэрмінаў даўніны, таму што гэта яшчэ звязана з пазасудовымі пакараннямі смерцю, а гэта злачынства супраць чалавечнасці. Значыць, яно таксама не мае часовых межаў для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. І яшчэ – пытанне дзяржаўных пасад. Гэта павінна быць дасканала прапісана ў канцэпцыі– хто не мае права іх займаць. Яшчэ адна магчымасць “разлічыцца” з крыўдзіцелямі – гэта грамадзянскі пазоў, ты лічыш сябе пакрыўджаным і маеш магчымасць “паказаць на нейкага пальцам”.

Пакаранне злачынцаў сённяшняга недэмакратычнага рэжыму, на думку кіраўніка Беларускага Хельсінскага Камітэту Алега Гулака, найперш павінна адбывацца ў законных рамках: “Часта мы бачым, што праблему люстрацыі многія разглядаюць як звядзенне асабістых рахункаў, магчымасць помсты: нас душылі, то і мы будзем душыць! З гэтым нельга пагадзіцца, бо любой уладзе, якая хоча называцца дэмакратычнай і станавіцца такой, трэба дзейнічаць у межах тых правіл і стандартаў, якія існуюць у дэмакратычным грамадстве. Трэба, каб выразна было прапісана, што такое – добра, і што такое – дрэнна, дзеля таго, каб гэтае “дрэнна” ніколі не вярталася”. 

Сваімі меркаваннямі падзяліліся і палітыкі. Так, старшыня АГП Анатоль Лябедзька разглядае люстрацыю найперш як частку плану мадэрнізацыі ўсёй Беларусі, а намеснік старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Валерый Ухналёў прапаноўвае размежаваць сам працэс люстрацыі і асуджэнне існуючага рэжыму. Дарэчы, Партыя БНФ дык наогул мае ўжо зараз свой механізм люстрацыі.

Каардынатар грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу “Курапаты”, былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі называе люстрацыю як спробу аднаўлення грамадзянскай адказнасці, а ягоны калега Марат Гаравы  бачыць у люстрацыі найперш  грамадскае пакаянне.

Палітолаг Юрый Чавусаў сярод галоўных  мэтаў люстрацыі адзначае  гарантыю правоў і свабодаў грамадзян, у першую чаргу тых, што пацярпелі ад злачынстваў. Аднаўленне іх правоў – гэта пакаранне тых, хто быў задзейнічаны ў злачынствах. А мэта недапушчэння вяртання аўтарытарызму – гэта не ёсць законная мэта для абмежавання правоў чалавека. Люстрацыя, на яго думку,  павінна праводзіцца толькі да пэўнай ступені, каб пастаўленая мэта - аднаўленне правоў і свабодаў іншых людзей, захаванне нацыянальнай бяспекі - была дасягнута. Астатняе - гэта “паляванне на ведзьмаў”.

Падсумоўваючы дыскусію арганізатары абмеркавання канцэпцыі люстрацыі для Беларусі запрасілі да гэтай працы прысутных і заявілі, што дзейнасць ў гэтым накірунку будзе працягвацца і надалей. 

 

Абмеркаванне канцэпцыі люстрацыі для Беларусі
Абмеркаванне канцэпцыі люстрацыі для Беларусі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства