Магілёўскі праваабарончы цэнтар разам з мясцовай філіяй БХК атрымалі паведамленьне з прапановай скасаваць дамову на арэнду памяшканьня
Патрабаваньне ўправы маёмасьці Магілёўскага гарвыканкаму матывуецца тым, што арганізацыі парушылі ўмовы арэнды. Згодна паведамленьню, субарандатар офісу – дабрачыннае грамадзкае аб’яднаньне “Водгук” – займае памяшканьне без адпаведнага дакумэнтальнага рашэньня ўправы маёмасьці й ЖЭУ №20.
Праваабаронцы кажуць пра беспадстаўнасьць прэтэнзіяў. Паводле кіраўніка Магілёўскага праваабарончага цэнтру Барыса Бухеля, яны маюць усе неабходныя дакумэнты, падпісаныя прадстаўнікамі камунальных службаў і ўправай маёмасьці. Праваабаронца мяркуе, што ўлады папросту шукаюць зачэпкі, каб пазбавіць іх памяшканьня ды юрыдычнага адрасу. На імя старшыні аблвыканкаму Барыса Батуры скіраваны ліст з патрабаваньнем адклікаць паведамленьне пра скасаваньне дамовы як неабгрунтаванае, паведаміў Барыс Бухель.
Нагадаем, тыдзень таму без уласнага офісу засталася мясцовая філія Партыі БНФ. Управа юстыцыі адмовілася падоўжыць дамову на арэнду, паведаміла «Польскае радыё».