Чарговая крымінальная справа супраць Андрэя Клімава
Пракуратура распачала крымінальную справу супраць дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, былога прадпрымальніка Андрэя Клімава за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Падставай для крымінальнай справы стала публікацыя Андрэя Клімава, разьмешчаная на інтэрнэт-сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі пад загалоўкам “Revolution forever или Как правильно свежевать цыганского кабана в год свиньи”. У артыкуле Андрэй Клімаў піша пра асабістую датычнасьць Аляксандра Лукашэнкі да выкраданьняў і забойстваў лідэраў беларускай апазыцыі, паведамляе Хартыя’97.
Андрэя Клімава ня першы раз абвінавачваюць у паклёпе на кіраўніка Беларусі. У 2005 годзе крымінальную справу за паклёп на прэзыдэнта разглядалі ў Першамайскім раённым судзе Менску за зачыненымі дзьвярыма, але суд вярнуў справу на дапрацоўку. А потым Андрэя Клімава суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў абмежаваньнем волі за арганізацыю вулічнай акцыі 25 сакавіка 2005 гуду. У сьнежні 2006 году ён выйшаў на свабоду.