Смалявічы: «Не абмеркаванне, а пусты звон!»
У Смалявічах прайшло грамадскае абмеркаванне дэталёвага плана забудовы Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку. Дачнікі і мясцовыя жыхары засталіся незадаволеныя «абмеркаваннем».
На сходзе ў Смалявіцкім гарадскім Палацы культуры прысутнічалі кіраўнік адміністрацыі кітайска-беларускага індустрыяльнага парку Аляксандр Ярмак, першы намеснік генеральнага дырэктара кітайска-беларускай кампаніі па развіцці індустрыяльнага парку Кірыл Карацееў, галоўны архітэктар праекта БелНДІ горадабудаўніцтва Жанна Сініцына, намеснік начальніка аддзела турысцка-рэкрэацыйных прыродных тэрыторый і аховы навакольнага асяроддзя БелНДІ горадабудаўніцтва Алена Паўлава.
Зацікаўленую грамадскасць прадстаўлялі дачнікі і мясцовыя жыхары, якія прыйшлі на абмеркаванне, каб выказаць сваю прынцыповую нязгоду з планамі будаўніцтва тэхнапарку ў экалагічна чыстай зоне прысталічча. «Але нашага меркавання чыноўнікі слухаць не жадалі, - распавядае ўдзельніца слуханняў сябра дачнага кааператыва «Граніт» Аксана Зелянеўская. - Нам не давалі выказвацца, на вострыя пытанні не адказвалі, як гаворыцца, гнулі сваю лінію: будаўніцтва парку - справа вырашаная, і будзе ён менавіта на гэтых землях. А меркаванне дачнікаў і мясцовых жыхароў іх зусім не цікавіць! Атрымалася, што абмеркаванне - гэта пусты звон. Зрабілі справаздачу, што слуханні адбыліся, «птушачку» паставілі, і ўсё. І абмяркоўвалі паўночны бок, а паўднёвай, жылы, не краналі зусім».
Грамадскасць патрабуе, каб пад Кітайска-беларускі індустрыяльны парк была выдзелена іншая пляцоўка, а будаўніцтва выраблялася з належным грамадскім абмеркаваннем і без парушэнняў правоў мясцовых жыхароў і дачнікаў.