Аляксей Шчадроў імкнецца зарэгістраваць дабрачынную арганізацыю
Аляксей Шчадроў, супраць якога пачата крымінальная справа паводле артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), імкнецца зарэгістраваць дабрачынную арганізацыю місіянераў дабрачыннасці імя Маці Тарэзы з Калькуты. Зарэгістраваць прытулак як рэлігійную арганізацыю пакуль не ўяўляецца магчымым.
Днямі Аляксея Шчадрова наведаў прадстаўнік Шчучынскага РАУС, які цікавіўся сітуацыяй у прытулку ў вёсцы Аляксандраўка непадалёк ад Васілішак. На дадзены момант у ім засталося 7 нямоглых чалавек, якія фактычна не могуць нават хадзіць. Ніякіх новых працэсуальных дзеянняў па крымінальнай справе дабрачынца пакуль не было. Сам Аляксей Шчадроў нядаўна склаў скаргу на імя пракурора Шчучынскага раёна, у якой просіць адмяніць пастанову пра ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да яго і спыніць вытворчасць па ёй. Адказу на скаргу пакуль няма.
29-гадовы Аляксей Шчадроў паходзіць з Віцебшчыны, пэўны час ён жыў у Мінску і Гродна, а пасля знайшоў месца ў Шчучынскім раёне, дзе змог арганізаваць прытулак для абяздоленых і бяздомных. За два гады, што прытулак існаваў, у ім перабыло ажно 97 чалавек. Многім удалося знайсці працу, нехта выехаў да сваякоў. Але былі і сумныя выпадкі, калі адзін з моцна хворых памёр у прытулку.
Калі супраць Аляксея Шчадрова была пачата крымінальная справа, у прытулку, які размяшчаўся ў чатырох хатах, было 27 чалавек. Семярых з іх удалося ўладкаваць на працу, іншыя раз’ехаліся, зараз на месцы засталіся толькі зусім нямоглыя.