viasna on patreon

Пасяджэнні віцебскіх гар- і аблсавета таксама сталі "закрытымі"?

2013 2013-07-02T16:56:44+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/deputatckae_kresla.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў накіраваў у гарсавет і аблсавет  афіцыйныя заявы пра тое, што ён хоча прысутнічаць падчас пасяджэнняў гэтых органаў улады. Прайшло ўжо два месяцы, але адказу няма, гаворыць партыйны актывіст.

"Я накіраваў афіцыйныя паперы, маўляў, я старшыня партыйнай арганізацыі, наша партыя зарэгістраваная, дык вось хачу папрысутнічаць на пасяджэннях гарсавету і аблсавету. Хачу паслухаць, якія пытанні там абмяркоўваюцца і як яны вырашаюцца. Хачу паглядзець, як працуюць дэпутаты, як яны выконваюць свае абавязкі…. Адправіў лісты, адказу няма і няма. Прычым тэрмін у 30 дзён, адведзены на адказы па зваротах грамадзян, ужо даўно мінуў".

Звароты да старшынь саветаў так і засталіся без адказу дагэтуль, хаця прайшло ўжо два з паловай месяца, кажа Л.Аўтухоў. Таму ён накіраваўся да старшыні аблсавета Аляксандра Ацясава:

"У прыёмнай мяне сустракае сакратарка, пытаецца, чаго я прыйшоў. Кажу, так і так, паказваю партыйнае пасведчанне, хачу трапіць на пасяджэнне. Гатовы пакінуць кантактныя дадзеныя, каб мне паведамілі, калі яно адбудзецца. Тады па тэлефоне сакратар пытаецца пра гэта ў старшыні, а спадар Ацясаў перапытвае: "Якія пытанні вас цікавяць?". Я  адказваю: "Усе пытанні! Наша партыя бярэ ўдзел у выбарах, у дэпутаты мы не праходзім, але ж маем права ведаць, чым займаюцца тыя, хто стаў дэпутатам. Кожны грамадзянін мае права ведаць гэта, бо выбары ў нас усеагульныя, і дэпутаты маюць абавязкі перад сваімі выбаршчыкамі".

Сакратарка  запісала дадзеныя Леаніда Аўтухова. Але запрашэння на пасяджэнне аблсавета ўсё няма. Няма і хоць якога пісьмовага адказу ні з абласнога , ні ад гарадскога саветаў. На думку старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ, парушаецца ягонае права валодаць аб'ектыўнай інфармацыяй пра становішча ў вобласці і горадзе, а таксама не выконваецца заканадаўства – і што да адказаў на звароты грамадзянаў, і што да права выбаршчыкаў ведаць, як працуюць абраныя дэпутаты.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства