Кастусю Смолікаву і Леаніду Аўтухову - па 3 мільёны штрафу
Суддзя Алена Протас прызнала абодвух парушальнікамі заканадаўства аб СМІ. На сябраў Партыі БНФ былі складзены пратаколы за распаўсюд бюлетэня "Магістрат", наклад якога міліцыянты "налічылі" большым за 299 асобнікаў. Але падлік праводзіўся арыгінальым метадам: не асобнікамі, а "вялікімі стосамі" ды "тоўстымі пачакамі" – так аргументавалася на судзе незаконнае перавышэнне накладу.
Паводле Кастуся Смолікава, у яго падчас затрымання былі ў руках толькі 2 бюлетэні. Астатнія асобнікі міліцыянты "падлічвалі", знайшоўшы пры аглядзе аўтамабіля, якім кіраваў Леанід Аўтухоў.
"Нас судзілі, як на мой погляд, ні за што. Якое парушэнне парадку распаўсюду бюлетэня, калі мы распаўсюдзілі ўсяго некалькі дзясяткаў? І як можна давяраць пратаколу з зазначанай колькасцю больш за тысячу бюлетэняў, калі ў нашай прысутнасці яе ніяк дакументальна не фіксавалі? Супрацоўнікі сведчылі ў судзе, што бачалі "два вось такія пачакі" ці "некалькі вялікіх стосаў". І на пытанне суддзі Алены Протас упэўнена адказвалі, што, маўляў, канешне, бюлетэняў было куды больш за 299. Гэта яны так на вока і навобмацак вызначалі?" – незадаволены рашэннем суда Кастусь Смолікаў.
У Леаніда Аўтухова да суддзі Протас яшчэ больш прэтэнзій:
"Мне адмовілі ў маім законным праве мець перакладчыка, калі я не дасканала разумею рускую мову з улікам юрыдычнай спецыфікі. Суддзя спачатку сказала: "Вось ваша права, размаўляйце па-беларуску, я паспрабую вас зразумець". А калі я не ўсё разумею? Паказаў ёй артыкулы Канстытуцыі пра недапушчальнасць дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце. Дык суддзя ўвогуле заявіла: "Вы ў якой школе вучыліся? Па-руску? Значыць, мусіце ўсё разумець і без перакладчыка!" У школе мы фізіку і хімію вывучалі, дык не бяруць жа ўсіх працаваць у лабараторыю да навукоўцаў? У такім выпадку, чаму суддзя не размаўляе са мной па-беларуску? Яна ж, мусіць, у школе таксама вывучала беларускую мову? Як толькі я пра гэта запытаў, дык яна ажно выляцела з залі, дзе ўжо збіралася правесці ўвесь перапынак…"
Спадар Аўтухоў хадайнічаў наконт перакладчыка з дзясятак разоў. І штораз атрымліваў адмову, нават калі відавочна не разумеў, што ад яго хоча суддзя. Хадайніцтва пра адвод суддзі таксама было адхіленае. Заставаўся спадзёў, што ўступіцца старшыня суду. Але нядаўна прызначаны на гэтую пасаду Яўген Буруноў заявіў Леаніду Аўтухову, што адказ на яго скаргу дасць толькі на працягу 30-ці дзён…
У такой сітуацыі Аўтухоў мусіў сказаць, што не можа браць удзелу ў працэсе. Але не адмаўляецца ад гэтага, толькі просіць, каб былі адпаведныя ўмовы. Але суддзя Протас упарта схіляла яго да фразы "Я адмаўляюся даваць паказанні", каб засведчыць гэта ў пратаколе. Толькі Леанід Аўтухоў таксама папрасіў зазначыць, што ён гэтага не казаў…
Зрэшты, як і што адлюстравана ў пратаколе, актывісты не ведаюць. На пытанне, на якой мове запісваюцца іхныя беларускамоўныя тлумачэнні, Алена Протас у грубай форме заявіла, што не мусіць адказваць ні на якія пытанні.
Спадарыні Протас даверылі судзіць апазіцыянераў упершыню: яна прызначана на гэту пасаду на замену дэкрэтнага адпачынку іншай супрацоўніцы. Журналісты і праваабаронцы, а таксама назіральнікі ўпершыню бачылі яе ў справе. І пагадзіліся паміж сабой, што яна не толькі парушае правы падсудных, але і некарэктна сябе паводзіць, беспадстаўна падвышае голас, размаўляе з тымі, каго судзіць, з відавочнай пагардай… Яе рашэнне Смолікаў і Аўтухоў збіраюцца абскарджваць у абласным судзе, бо працэс вёўся з відавочнымі парушэннямі.