Летась узбуджана 20 крымінальных спраў па фактах нестатутных узаемаадносін у войску
Інфармацыя пра гэта з'явілася ў беларускай ваеннай газеце "Во славу Родины".
Падставай для публікацыі стала крымінальная справа, якая была ўзбуджаная ў дачыненні да салдата Акіма Бенеша. На днях ягоны бацька паведаміў СМІ, што сын ударыў саслужыўца, з якім у яго былі шматлікія канфлікты. Акім спрабаваў супрацьстаяць дзедаўшчыне.
«Акім стаў распавядаць пра сітуацыю толькі праз пяць месяцаў службы. Аказалася, што ў вайсковай частцы былі два прызывы. У старэйшым - пляменнік высокапастаўленага афіцэра, ён і задаваў тон службе. Усім рулілі салдаты. Спачатку патрабавалі дзяліцца кавай, цыгарэтамі, цукеркамі. Затым пачаліся начныя пад'ёмы. І мой сын спачатку паддаваўся і не ведаў, што рабіць. А ў адзін дзень вырашыў супрацьстаяць і адмовіўся выконваць каманды сяржантаў», - паведаміў Алег Бенеш «Еўрарадыё».
Прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў адрэагаваў на інфармацыю ў СМІ падрабязным матэрыялам у газеце "Во славу Родины", дзе апроч абвінавачванняў апазіцыі і незалежных СМІ ў нагнятанні сітуацыі, былі апублікаваныя лічбы крымінальных спраў па фактах нестатутных узаемаадносін у войску.
Так, у 2012 годзе ў Беларусі разглядалася 20 крымінальных спраў па нестатутных узаемаадносінах. Для параўнання, у 2003-м іх было 99. У 1993-1994 гадах колькасць загінулых ваенаслужачых склала больш за 100 чалавек на 100 тысяч вайскоўцаў.
Крымінальная справа ў дачыненні да Акіма Бенеша накіравана ў суд. Яму інкрымінуецца ч.1 арт. 443 Крымінальнага кодэксу - парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж вайскоўцамі, якія не з'яўляюцца падначаленымі. Прадугледжанае пакаранне - арышт тэрмінам да шасці месяцаў або пазбаўленне волі тэрмінам да чатырох год.