Полацкі суд адмовіў у аднаўленні на працы актывісту СПБ Віктару Стукаву
12 судовых пасяджэнняў давялося прайсці звольненаму з "Полацк-Шкловалакна" лідару "пярвічкі" СПБ, але гэта аказалася безвыніковым. Суддзя Ірына Даротка стала на бок наймальніка, які звольніў прафсаюзнага лідара нібыта за парушэнні тэхнікі бяспекі і рэжыму працы. А насамрэч, лічыць Віктар Стукаў, за актыўнасць у прафсаюзнай дзейнасці.
Віктар Стукаў – беспрацоўны з 11 сакавіка. Ён звольнены з чацвёртай спробы: раней адміністрацыя мусіла ўзгадняць звальненне з прафсаюзам, і сябры СПБ баранілі свайго лідара. Потым гэты пункт паводле ініцыятывы наймальніка быў выключаны з калектыўнай дамовы, і сябры не "афіцыйнага" прафсаюзу засталіся безабаронныя.
"І адміністрацыя прадпрыемства, і цяпер ужо і суд парушылі мае правы. Не толькі права на працу, але і права на стварэнне арганізацый, бо паводле міжнародных прававых дакументаў, прадпрыемства не мае права звольніць прафсаюзнага кіраўніка. Але мяне звольнілі, і суд прызнаў, што гэта законна", - распавёў Віктар Стукаў.
Суддзя пазбавіла яго права на абарону: тройчы Стукаў хадайнічаў, каб да ўдзелу ў працэсе дапусцілі юрыстку Алену Яськову, як прадстаўніцу Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. На знак пратэсту супраць чарговай адмовы актывіст СПБ пакінуў залу суда падчас апошняга пасяджэння.
З пастановай суда ад 16 красавіка ён не згодны, рыхтуе скаргу ў Віцебскі абласны суд.
"Я буду змагацца і далей, каб рабочыя бачылі, што мяне не зламілі. Хаця я ведаю, што ім усім цяпер будзе цяжка, бо кожны, як і я , можа апынуцца перад пагрозай звальнення з такіх "сур'ёзных " прычын, як, напрыклад, адсутнасць акуляраў падчас працы. Між іншым, я за ўласныя грошы замовіў экспертызу, якая давяла, што гэтыя акуляры толькі замінаюць працаваць, і ўвогуле шкодныя для здароўя. Але суд гэта не пераканала. Адміністрацыю прадпрыемства – тым больш. Тым больш, што ў апошні год мы нямала зрабілі і для таго, каб пашырыць ідэі незалежнага прафсаюзнага руху на іншых полацкіх прадпрыемствах, дзе таксама парушаюцца заканадаўства і правы працаўнікоў. Лічу, што ўсяго гэтага мне не даравалі і палічылі за лепшае звольніць. І ўжо не аднаўляць на працы любым коштам," – сказаў Віктар Стукаў.