Вярхоўны суд адмовіў "Маладым дэмакратам"
Вярхоўны суд 10 красавіка прыняў рашэнне не задавальняць скаргу "Маладых хрысціянскіх дэмакратаў" на рашэнне Міністэрства юстыцыі, якое адмовіла арганізацыі ў афіцыйнай рэгістрацыі, паведаміла лідар грамадскага аб'яднання Марына Хоміч. Устаноўчы з'езд арганізацыі "Маладыя хрысціянскія дэмакраты" прайшоў у Менску 3 лістапада 2012 года. На ім прысутнічалі 60 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.
- Сённяшняе паседжанне яшчэ раз даказала, што ў Беларусі не працуе судовая сістэма. І справядлівых судоў у нас няма. Канстытуцыі ўвогуле не існуе. Існы рэжым не дапускае ніякай альтэрнатывы. Хацелася б дадаць, што, незалежна ад рэгістрацыі, працу сваю мы будзем працягваць.
Згодна са статутам, МХД з'яўляецца рэспубліканскім моладзевым грамадскім аб'яднаннем, якое аб'ядноўвае грамадзян на добраахвотных пачатках для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных і іншых правоў.
МХД з'яўляецца свецкім і нерэлігійным аб'яднаннем, дзейнасць якога распаўсюджваецца на ўсю краіну.