Масавыя звальненні на «Гарызонце»
Менскі завод «Гарызонт» працуе з перабоямі. Звольненыя больш за сто чалавек.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў адзін з рабочых «Гарызонта».
Паводле яго слоў, праблемы на заводзе пачаліся некалькі месяцаў таму. А ў пачатку сакавіка ў некаторых цэхах быў уведзены чатырохдзённы працоўны тыдзень. У прыватнасці, гэта закранула цэх па зборцы тэлевізараў. Пятніца была абвешчаная выходным днём, а чатыры працоўныя дні, па прыкладзе МАЗа, перанеслі на восень.
У красавіку сітуацыя пагоршылася.
«Заднім чыслом быў падпісаны загад аб тым, што да 15 чысла цэх не працуе, а нам будуць выплачваць 2/3 заробку. Пры гэтым, большасць работнікаў атрымлівае крыху больш за 2 мільёны рублёў. Зарплата ў некаторых, напрыклад у майго знаёмага рэгуліроўшчыка радыёэлектроннай апаратуры складае 1,5 мільёна. Як выжыць на такую суму - незразумела», - сказаў рабочы заводу.
Цяжкае становішча склалася з-за адсутнасці заказаў на прадукцыю завода. Гэта пацягнула за сабой і скарачэнне рабочых.
«Раней наш цэх працаваў у дзве змены. Цяпер тэлевізары ўласнай вытворчасці практычна не прадаюцца. Мы збіраем мадэлі замежных фірмаў. На заводзе масава скарачаюць рабочых. Тых, у каго скончыўся кантракт у студзені-сакавіку, проста звольнілі. Такіх толькі ў нашым цэху ўжо больш за сто чалавек», - сказаў ён.
Зараз рабочыя чакаюць сярэдзіны месяца, калі кіраўніцтва абяцала распавесці пра далейшыя перспектывы завода.
У прэс-службе «Гарызонта» сайту charter97.org адмовіліся каментаваць інфармацыю, назваўшы яе чуткамі. Аднак копія разліковага ліста за мінулы месяц, у якім указаная атрыманая зарплата ў 2,2 мільёна рублёў пацвярджае словы рабочага завода.