У Рагачове зноў пройдзе праваслаўны суботнік
5 красавіка ў Рагачове абвешчаны Дзень дабрачыннай працы (суботнік), звязаны з будаўніцтвам у райцэнтры праваслаўнага храму. Адпаведнае распараджэнне выдаў выконваючы старшыні райвыканкаму Сяргей Якаўлеў. Заробленыя грошы будуць пералічаны на будаўніцтва царквы Аляксандра Неўскага.
Варта заўважыць, што храм будуецца ў Рагачове з 2009 году. З таго часу кіраўніцтва райвыканкаму неаднаразова пісала распараджэнні аб правядзенні «праваслаўных суботнікаў» - Дзён дабрачыннай працы. Праводзіўся такі суботнік і год таму – 6 красавіка 2012 года.
Праводзіўся суботнік і ў снежні 2012 года, на ім было «зароблена» каля 100 мільёнаў рублёў. «На жаль, кошты на будаўнічыя матэрыялы ўвесь час растуць, і сабраных грошай будзе недастаткова для паспяховага правядзення летняга будаўнічага сезону. Таму яшчэ раз звяртаемся да вас, дарагія суайчыннікі, з заклікам аб дапамозе», - патлумачыў у інтэрв'ю раённай газеце «Свабоднае слова» праваслаўны святар.