viasna on patreon

На скаргу незалежнай журналісткі з Генеральнай пракуратуры адказалі адпіскай

2013 2013-04-03T08:58:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/henprakuratura.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Журналістка з Брэста Аліна Літвінчук атрымала адказ на сваю скаргу Генеральнаму пракурору РБ Аляксандру Канюку наконт вынесенага ёй напрыканцы мінулага года афіцыйнага папярэджання аб недапушчальнасці парушэння закона.

Адказ, падпісаны намеснікам начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабодаў грамадзян Паўлам Елісеевым, вельмі кароткі і з яго вынікае, што скарга журналісткі накіраваная для разбіральніцтва ў пракуратуру Брэсцкай вобласці.

Аліна Літвінчук вельмі здзіўленая такім падыходам, бо менавіта на дзеянні згаданай пракуратуры, якая вынесла ёй папярэджанне, і была накіравана скарга.

Афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона было абвешчана намеснікам пракурора Брэсцкай вобласці Аляксандрам Точкам, які, зыходзячы з інфармацыі, змешчанай у Інтэрнэце, палічыў, што Літвінчук нібыта парушыла парадак ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці журналіста замежнага СМІ, працуючы без акрэдытацыі.

У сваёй скарзе на імя Генеральнага пракурора Аліна Літвінчук адзначыла, што лічыць папярэджанне неабгрунтаваным, незаконным і падлягаючым адмене, бо прыведзеныя факты не адпавядаюць рэчаіснасці. Акрамя таго, яна нагадала, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, як і артыкул 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (які ратыфікаваны беларускімі ўладамі), дае магчымасць кожнаму чалавеку мець права на свабоднае выказванне свайго меркавання; а таксама шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю.

На падставе гэтых высноваў Аліна Літвінчук лічыць, што вынесенае ёй пракуратурай Брэсцкай вобласці афіцыйнае папярэджанне з'яўляецца парушэннем грамадзянскіх правоў і свабодаў, а таму просіць яго адмяніць.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства