Суд па справе МХД супраць Мінюста пройдзе 9 красавіка
26 сакавіка ў Вярхоўным судзе адбыліся папярэднія слуханні па справе нерэгістрацыі Міністэрствам юстыцыі ГА "Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў".
Само ж судовае паседжанне пройдзе 9 красавіка, паведаміла старшыня аргкамітэту МХД Марына Хоміч. Паводле яе словаў, прадстаўнік Мінюста ў судзе Харытонаў паводзіў сябе вельмі непаважліва і нахабна.
Цікава, што Мінюст, які заяўляе аб парушэнні МХД правілаў напісанная вялікіх літараў, што быццам бы ёсць падставай для адмовы ў рэгістрацыі, сам робіць арфаграфічныя памылкі (гл. фота).
Прэс-служба БХД удакладняе, што для адмовы Мінюст знайшоў тры падставы.
Першая з іх заключаецца ў тым, што, заснавальнікі ў дакументах нібыта напісалі несапраўдныя дадзеныя пра свае месцы працы, а значыць, яны не прысутнічалі на ўстаноўчым сходзе. У спіс тых, хто нібыта падаў несапраўдныя звесткі, патрапіла і намесніца старшыні МХД Вольга Кавалькова, якая была сакратаркай сходу.
Другая прычына для адмовы – дакументы, якія патрабаваў Мінюст насуперак заканадаўству і якія МХД адмовілася прадстаўляць, у тым ліку дамова з арандатарам памяшкання.
Трэцяя прычына - ставаральнікі МХД у статуце арганізацыі парушылі закон Рэспублікі Беларусь аб правапісе беларускай мовы, у прыватнасці параграфы 33 і 63 пра напісанне вялікіх літар і двукоссяў у назве арганізацыі.
Устаноўчы з'езд арганізацыі "Маладыя хрысціянскія дэмакраты" прайшоў у Мінску 3 лістапада 2012 года. На ім прысутнічалі 60 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Паводле статуту МХД з'яўляецца рэспубліканскім моладзевым грамадскім аб'яднаннем, якое аб'ядноўвае грамадзян для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных ды іншых правоў.