viasna on patreon

Адміністрацыя "Полацак-Шкловалакна" не пагадзілася аднавіць на працы прафсаюзнага актывіста

2013 2013-03-20T11:12:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stukau1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Стукаў.

Віктар Стукаў.

19 сакавіка ў Полацкім гарсудзе  прайшлі папярэднія слуханні паводле зыску Віктара Стукава, звольненага кіраўніка "пярвічкі" Свабоднага Прафсаюза Беларускага (СПБ). У бакоў была магчымасць замірыцца, калі б адміністрацыя прадпрыемства падтрымала патрабаванні актывіста. Але гэтага не здарылася, і судовы працэс будзе працягвацца.

Віктар Стукаў патрабуе аднаўлення на працы, матэрыяльнай кампенсацыі заробку, страчанага падчас вымушанага беспрацоўя, прэміяльных выплат, якіх яго пазбавілі за дысцыплінарныя спагнанні, а таксама кампенсацыі маральнага ўрону, які актывіст ацэньвае ў 1 мільён рублёў.

Маральная шкода, паводле Віктара Стукава, гэта дыскрымінацыйнае стаўленне да яго як да сябра СПБ:

"Дыскрымінацыя – гэта калі майстар бяжыць праз увесь цэх менавіта да цябе, каб праверыць, ці працуеш ты ў акулярах. Што іншыя рабочыя ссунулі іх на лоб, нікога ўжо не хвалюе… Дыскрымінацыя – гэта калі ўся змена сыходзіць з працы адначасова, каб паспець на аўтобус і не йсці пешкі 4 кіламетры да горада, а вінавацяць у парушэнні працоўнай дысцыпліны толькі актывістаў СПБ. Між іншым, мы звярталіся ў розныя інстанцыі, каб прывесці ў адпаведнасць працоўны графік і рэжым руху аўтобуса. Але адміністрацыя не пагадзілася нешта выправіць. І цяпер, каб падавіць рабочыя ініцыятывы, на "Полацак-Шкловалакне" пачалі вынішчаць незалежны прафсаюз."

Звольнены кіраўнік "пярвічкі" СПБ лічыць, што адміністрацыя парушае ягонае права на працу, а таксама права на свабоду аб'яднанняў. Парушана і Міжнародная канвэнцыя №87 Міжнароднай Арганізацыі Працы, паводле якой нельга звальняць прафсаюзнага лідара.

 

У абарону звольненага прафсаюзнага актывіста выступіла Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў ( International Trade Union Confederation). У лісце на імя дырэктара ААТ "Полацк_Шкловалакно" М.Качаноўскага і намесніцы дырэктара па кадрах Людмілы Пропп выказваецца пратэст спраць дыскрымінацыі рабочых па "прафсаюзнай прыкмеце". Заяву падпісаў  Дырэктар аддзела МКП па правах чалавека і правах прафсаюзаў Стывен Бенедыкт.

З пратэстам супраць звальнення Віктара Стукава выступіў і ўласна СПБ.  Кіраўніцтва незалежнага прафсаюзу ускладае адказнасць за наступствы гэтага кроку на адміністрацыю "Полацк-Шкловалакна", бо гісторыя парушэння правоў кіраўніка "пярвічкі", а следам – і правоў іншых работнікаў непасрэдна адаб'ецца на іміджы прадпрыемства, у тым ліку і ў сферы супрацоўніцтва з замежнымі партнерамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства