viasna on patreon

МЗС: даклад еўрадэпутата Палецкіса па Беларусі дапаможа актывізаваць дыялог паміж Мінскам і Бруселем

2013 2013-03-19T15:11:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Міністэрства замежных спраў Беларусі разлічвае, што даклад еўрадэпутата Юстаса Палецкіса дапаможа ў актывізацыі дыялогу паміж Мінскам і Бруселем. Аб гэтым БелаПАН заявіў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Андрэй Савіных, каментуючы сустрэчу Палецкіса з намеснікам міністра замежных спраў Аленай Купчыной.

Сустрэча адбылася 18 сакавіка і насіла рабочы характар, дадаў Савіных.

Прэс-сакратар нагадаў, што Юстас Палецкіс прыбыў у Беларусь для збору інфармацыі "з мэтай падрыхтоўкі даклада аб адносінах Беларусі і Еўрасаюза". "Мы зацікаўлены ў развіцці адносінаў з Еўрасаюзам на раўнапраўнай і празрыстай аснове. Мы зыходзім з таго, што даклад Палецкіса дапаможа актывізацыі нашага дыялогу або, як мінімум, палепшыць паразуменне паміж намі", — падкрэсліў Савіных.

Як паведамляў БелаПАН, дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі, намеснік кіраўніка дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю Юстас Палецкіс прыбыў у Мінск 18 сакавіка.

У першы дзень візіту, акрамя Купчыной, ён сустрэўся з кіраўніком прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майрай Морай, кіраўніком Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргеем Калякіным і сустаршынёй аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталем Рымашэўскім.

Сёння літоўскі еўрадэпутат сустрэнецца з пасламі краіны ЕС, а таксама правядзе асобныя сустрэчы з пасламі Германіі Вальфрамам Маасам і Польшчы Лешакам Шарэпкам, часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Ітанам Голдрычам, памочнікам прэзідэнта па пытаннях знешняй палітыкі Валерыем Брылёвым і лідарам Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам.

20 сакавіка Палецкіс сустрэнецца з кіраўніком Беларускага Хельсінкскага камітэта Алегам Гулаком і прадстаўніком закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцінам Стэфановічам, кіраўніком аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксандрам Класкоўскім, кіраўніком аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанідам Заікам, намеснікам міністра эканомікі Дзмітрыем Голухавым, старшынёй каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Уладзімірам Мацкевічам.

На 21 сакавіка запланаваны сустрэчы Палецкіса са старшынёй Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам, лідарам руху "За Свабоду" Аляксандрам Мілінкевічам і прадстаўніком Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзянісам Мельянцовым.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства