viasna on patreon

Газета “Шахцёр” рэагуе на патрабаванне аб выкананні Канстытуцыі па моўным пытанні

2013 2013-03-17T15:40:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shahcior-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Напрыканцы лютага сябры салігорскай гарадской арганізацыі “Таварыства беларускай мовы” звярнуліся да мясцовых уладаў і кіраўніцтва газеты “Шахцёр” з патрабаваннем аб выкананні афіцыйным выданнем выканкаму артыкулаў Канстытуцыі Беларусі, датычных моўнай роўнасці.

У сваім звароце салігорцы звярнулі ўвагу на прыкрае становішча беларускай мовы, якое склалася ў газеце “Шахцёр”. Ад першых дзён свайго існавання газета звярталася да жыхароў краю на іх роднай мове. Аднак з пэўнага часу найлепшыя традыцыі былі занядбаныя. Беларуская мова пачала мэтанакіравана знішчацца са старонак выдання.

Працэс вынішчэння роднай мовы адбываўся на працягу не аднаго дзесяцігоддзя, лічаць аўтары звароту. У выніку са старонак газеты практычна знікалі артыкулы на беларускай мове, а створаная ў Інтэрнэце афіцыйная старонка газеты “Шахцёр” мае толькі рускамоўную версію свайго інтэрфейса.

“Моўная палітыка афіцыйнага раённга выдання не адпавядае запатрабаванням насельніцтва рэгіёна. Паводле звестак перапісу 2009 года ў раёне пражывае амаль 90% беларусаў, а беларускую мову ў якасці роднай называе 62,5% ад агульнай колькасці насельніцтва,” - кажа старшыня салігорскай суполкі ТБМ Мікалай Шаравар ды нагадвае, што права на родную мову і атрыманне на ёй інфармацыі гарантуе Канстытуцыя.

У сваім адказе на зварот старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандр Рымашэўскі сцвярджае, што моўная палітыка раённага выдання цалкам адпавядае запытам насельніцтва раёна. Але адразу аспрэчвае сваё ўласнае сцверджанне, заяўляючы аб публікацыі матэрыялаў на старонках газеты на той мове, на якой іх прадстаўляе аўтар.

Зрэшты, праз некалькі дзён пасля атрымання афіцыйнага адказу, стала вядома аб змене галоўнага рэдактара газеты “Шахцёр”. Новапрызначаны кіраўнік салігорскай раёнкі Сяргей Квіткевіч адразу змяніў моўную структуру газеты. Па інфармацыі Салігорскага тэлеканала, цяпер частка артыкулаў афіцыйнага друкаванага органа райвыканкаму будзе публікавацца на беларускай мове. Новаўвядзення давялося чакаць нядоўга. Ужо ў свежым нумары “Шахцёра”  з’явіўся шэраг артыкулаў па актуальных тэмах на беларускай мове. Да таго ж у бліжэйшы час плануецца абнаўленне вэб-старонкі газеты. Але ці закрануць гэтыя змены моўны бок, пакуль невядома.



 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства