Мінкультуры забараніла рамонт будынку Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю.
8 жніўня Дэпартамэнт па ахове гістарычна-культурнай спачыны й рэстаўрацыі Міністэрства культуры загадаў камітэту па адукацыі Менгарвыканкаму спыніць ўсе віды працаў Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа.
У акце агляду гістарычна-культурнай каштоўнасьці - будынку №21 па вуліцы Кірава ў Менску – гаворыцца, што свавольныя працы праводзяцца без дазволу дэпартамэнту, чым парушаецца артыкул 50 Закону Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны". Старшыню камітэту па адукацыі Міхаілу Ціценкову прадпісана спыніць усе віды рамонту ў будынку, атрымаць у Мінкультуры пісьмовы дазвол на правядзеньне адпаведных працаў, зарэгістраваць у дэпартамэнце забавязак па ахове помніка архітэктуры, а таксама заключыць дамову аб назіраньні за гістарычна-культурнай спадчынай з навуковым кіраўніком аб’екту, галоўным архітэктарам-рэстаўратарам УП "Праектрэстаўрацыя" Ларысай Панамаровай.
8 жніўня яна ўручыла гэтае прадпісаньне начальніку кіраваньня камітэту па адукацыі Менгарвыканкаму Валерыю Турко і будаўнікам і папярэдзіла іх аб тым, што невыкананьне яго патрабаваньняў цягне за сабой адказнасьць згодна арт. 94 закону "Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны".
У інтэрвію БелапАН Панамарова адзначыла, што “праекту правядзеньня рамонтных працаў, узгодненаму й зацьвержанаму ў шэрагу інстанцыяў, павінны папярэднічаць навуковае вывучэньне і нжынэрнае абсьледаваньне будынку на прадмет яго аварыйнага стану”. Прычым, паводле Панамаровай, для правядзеньня перадпраектных пошукаў і праектных працаў установа павінна мець адпаведную ліцэнзію. “Да таго часу, пакуль ня будзе зацьверджаны праект правядзеньня рамонту, будаўнікі ня маюць права прыступаць да яго”, -- падкрэсьліла Панамарова.
Разам з тым, як патлумачыла БелаПАН намесьнік дырэктара ліцэю па адміністартыўна-гаспадарчай часткі Тамара Жыліч, адмыслоўцы інстытута “Белжылпарект” не знайшлі будынак у аварыйным стане і прапануюць абмежавацца рамонтам інжынэрных камунікацыяў. Акрамя таго, паводле яе, любы рамонт будынку ня можа быць прызнаны законным да таго часу, пакуль ён не перададзены з жылога ў нежылы фонд Менгарвыканкаму.
Тым часам ліцэісты і іх бацькі ўвесь час знаходзяцца ля ўваходу ў недаступны для іх будынак навучальнай установы, які ахоўваецца міліцыяй. Яны зьбіраюць у мінакоў подпісы супраць ліквідацыі ліцэю. На асфальце і стальных брамах ліцэйскай агароджы зьявіліся дзясяткі надпісаў каляровымі мялкамі, якія сьведчаць пра імкненьне навучэнцаў і іх бацькоў адстаяць навучальную ўстанову.
Заснавальнік ліцэю Ўладзімер Колас ня вылючае працягу дзейнасьці ліцэю за межамі Беларусі. У інтэрвію БелаПАН ён адзначыў, што”насамрэч былі падманнымі запэўваньні ўладаў аб завяршэньні рамонту будынку да 1 верасьня”. Рамонт будынку, які, паводле У.Коласа “знаходзіца ў стане акупацыі”, ён назваў “чыстай аванцюрай”. “Калі ўлады не памяняюць сваё рашэньне, мы будзем навучаць дзяцей на вуліцы, а з дапамогай камітэту абароны ліцэю -- ствараць нармальныя ўмовы навучаньня й змагацца за вяртаньне будынку навучальнай установы й нашай маёмасьці”, -- сказаў У.Колас. Паводле яго, не выключаецца “яго часовае перасоўваньне за межы Беларусі”.