viasna on patreon

Зацемкі з няволі. Пра паэзію веры і надзеі

2013 2013-01-22T12:31:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhyrovicki_manastyr-pashtouka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Паштоўка Алесю Бяляцкаму ад Вольгі з Слоніма – фотаздымак Жыровіцкага Сьвята-Усьпенскага манастыру (аўтар Ул.Кавальчук).

Паштоўка Алесю Бяляцкаму ад Вольгі з Слоніма – фотаздымак Жыровіцкага Сьвята-Усьпенскага манастыру (аўтар Ул.Кавальчук).

З ліста Алеся Бяляцкага ад 3 студзеня 2013

Знаёмая з Наваполацку Ірына Ж. напісала мне: “Я падумала, наколькі інакш перажываюць людзі, якія вераць Богу, усе непаразуменьні, няшчасьці, усю брыдоту, што абрушваецца на іх”. Яна чалавек назіральны, пісьменьніца, і з ёй цяжка не пагадзіцца. Яна даслала мне кнігу вершаў польскага паэта-сьвятара Яна Твардоўскага, у якой ягоныя вершы падаюцца ў арыгінале, па-польску, і ў перакладзе, па-беларуску. На разгорце злева – арыгінал, а справа – пераклад. І гэта дае магчымасьць параўнаць, як перакладчыцы Данута Бічэль-Загнетава і Хрысьціна Лялько пераправілі верш, пераліўшы ягоны зьмест з польскай формы ў беларускую. Ксёндз Ян Твардоўскі – філосаф і паэт. У беларускай літаратуры мы маем двух выдатных каталіцкіх сьвятароў-паэтаў: Андрэя Зязюлю і Казіміра Сваяка. І аднаго праваслаўнага, нашага сучасьніка – Алега Бембеля, які схаваўся ад сьвету ў манастве, у Жыровіцкім манастыры.

Перакладчыца Хрысьціна Лялько прыгадала ў дарчым надпісе на кніжцы: “Няма на зямлі сітуацый без выйсьця. Калі Бог зачыняе дзьверы, то вакно адчыняе…” Чаму яна выбрала гэтыя радкі з Яна Твардоўскага? І што яна мела на ўвазе – ня ведаю. Бо гэты вобраз, гэтая думка выклікае багата асацыяцыяў на розныя выпадкі жыцьця. Я дык убачыў у гэтых радках пэўную гарэзьлівасьць думкі паэта. Бо, калі ўявіць сабе літаральна, то выглядала б яно крыху сьмешна: вось з грукатам захлопваюцца дзьверы – і адразу ж з трэскам расчыняецца вакно! І гэта ўсё дзеі Госпада! Але Ян Твардоўскі, мабыць, хацеў сказаць: “Не здавайцеся! Няма безвыходных сітуацыяў!” І яшчэ мне згадваецца прымаўка беларуская, а, мабыць, і ў палякаў яна ёсьць, калі пра асабліва настырнага і надакучлівага чалавека кажуць: “Ня ў дзьверы ўвойдзе, дык у вакно ўлезе!” Паэт крыху падправіў гэты вобраз – перавёў настырнасьць у настойлівасьць. Хаця тут можа быць і такое: тое, што ў беларусаў лічыцца настырнасьцю, у палякаў прымаюць за настойлівасьць. Але ў любым выпадку мне пасуе гэты паэтычны вобраз паэта Яа Твардоўскага, якога ня варта блытаць з іншым паэтам, беларусам са Смаленшчыны, які пісаў па-руску, Аляксандрам  Твардоўскім.

Калі я згадаў тут пра вернікаў у зьняволеньні, то першым, які ўсплывае ўваччу, назаву Паўла Севярынца. Рэч такая, што мы, сядзельцы, ня можам пісаць адзін аднаму, з калоніі ў калонію, але вось з “хіміі” ў калонію і наадварот перапіска дазволена. Мы лістуемся з Паўлам. І ўсе свае лісты ён сканчвае спасылкамі на Новы Запавет. Вось і ў апошнім лісьце Павел пажадаў, каб “Ён (Хрыстос) нараджаўся ў Вашым сэрцы і адчуваў сябе там як дома”. І паслаў мяне “Да рымлянаў” (5: 1-10). Я люблю чытаць лісты Паўла Севярынца. Яны непадроблена сьветлыя і аптымістычныя. Павел верыць у Бога, у Беларусь і заражае гэтай вераю іншых. Некалі ў 1996-м годзе, у дні канстытуцыйнага крызісу, мы хадзілі з ім разам па коле па плошчы Незалежнасьці, перад будынкам, дзе тады сядзеў гінучы парламент, вадзілі за сабой людзей, як чачэнцы ў сваім спрадвечным, паганскім, бясконцым танцы. На жаль, нічога тады не выхадзілі, і зараз працягваем ісьці ў тым самым накірунку.

__________

Пад агульнай назвай “Зацемкі з няволі” сабраныя рознага кшталту ўспаміны, развагі, лірычныя адступленні з лістоў Алеся Бяляцкага, дасланых з бабруйскай калоніі.  

Чытайце таксама:

Зацемкі з няволі. З нагоды Калядаў і Новага году

Зацемкі з няволі. “Хай Бог дасьць пажыць у праўдзе – усім-усім!”

Зацемкі з няволі. Пра адзін жыцьцёвы шлях да беларушчыны

Зацемкі з няволі. Метамарфоза “нефармала”

Зацемкі з няволі. Пра крыніцы аптымізму

Зацемкі з няволі. Пра дзіцячую дабрачыннасьць

Зацемкі з няволі. Мовазнаўчыя

Зацемкі з няволі.  Пра паэтычныя экспромты – студэнцкія і сёньняшнія

 Зацемкі з няволі. Словы падтрымкі ад сваякоў палітвязняў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства