Зацемкі з няволі. З нагоды Калядаў і Новага году
З ліста Алеся Бяляцкага ад 30 сьнежня 2012
Ксёндз Дз. Віншуе з сьвятам Божага Нараджэньня. Я заўважыў, што людзі знаходзяць у гэтай падзеі розныя акцэнты, нюансы, нейкія моманты, якія найбольш уражваюць іх. І для мяне гэта надзвычай цікава, бо сьведчыць пра вялікую разнастайнасьць успрыманьня людзьмі адных і тых жа падзеяў. Гэтыя бясконцыя інтэрпрэтацыі сьведчаць пра тое, што няма ў сьвеце людзей, падобных адзін на аднаго. Усе мы розныя. І ўсё ж усе гэтыя зьвілістыя шляхі чалавечага сьветаўспрыманьня прыходзяць да аднае высновы. І гэта таксама для мяне вялікае дзіва. Гэта значыць, што нягледзячы на ўнікальнасьць кожнае чалавечае істоты, мы можам прыйсьці да агульнага выніку. Мы можам дамовіцца.
Дык вось, у нараджэньні дзіцяці Хрыста ксёндз Дз. Убачыў наступнае: “Таямніца ўцелаўленьня дзіўным чынам ахінута бясконцай цішай”. “Нараджэньне Яго Сына” ён называе “самым ціхім з усіх здарэньняў”. Яго ўразіла гэтая сусьветная, усеаб’емная ціша, у якой здарыўся найвялікшы цуд у сьвеце.
А я гэтым разам, у віншавальных паштоўках і лістах, спыняўся на іншым. На тым, што цуд адбыўся ў найбольш змрочны ў прыродзе час, калі мала сьвятла, сонца, стаяць доўгія ночы, калі ўсё жывое прыснула, зьнерухомела пад мёртвым покрывам сьнегу. І ў гэты час панаваньня змроку і тлену нарадзілася жыцьцё, якое неўзабаве зьменіць сьвет. І амаль ніхто яшчэ ня ведае пра гэта, але яно ўжо ёсьць, яно ўжо існуе! Вось што найбольш уразіла мяне ў гэтае Раство, на стыку 2012-га і 2013-га гадоў.
З Божым Нараджэньнем, Раством непарыўна зьвязанае і сьвята Новага году. І мае яно больш старажытныя, паганскія карані. І называлася яно некалі па-іншаму. І было зьвязана з важнай астранамічнай зьяваю. Пачынаў павялічвацца дзень і зьмяньшацца ноч. І хоць зараз Новы год адзначаецца на некалькі дзён пазьней, але я дасюль захапляюся назіральнасьцю старажытных астраномаў, якія, пэўна што былі і сярод нашых продкаў, якія здолелі адсачыць гэты момант зьмены прыроды,калі яна разварочваецца і пачынаецца адваротны адлік. Я дасюль не магу зразумець, як яны гэта здолелі вылічыць.
Новы год па савецкай, ды яшчэ і ранейшай традыцыі сьвяткуецца ў нас шумна і весела. Ідзе ацэнка году старога, і ў новым годзе ўсе спадзяюцца жыць лепей, пакінуўшы ў старым годзе ўсё дрэннае і паганае і ўзяўшы ў новы год толькі ўсё добрае.
Віншуючы мяне з Новым годам, Уладзімір Г. прыслаў урывак з вершу Якуба Коласа, навагодняга вершу, і ёсьць там наступныя словы:
Каб больш сьлёзы не
ліліся,
Каб не падаў чалавек,
Каб астрогі запярліся
Ад людзей на вечны век.
Вось жа, сто гадоў таму напісаў Якуб Колас гэтае рамантычнае і нават утапічнае, здаецца, пажаданьне. Асабліва ўтапічным яно падаецца, калі ўявіць сабе, колькі беларусаў за гэтыя сто гадоў прайшлі праз астрог – турму. Ды няма аніводнай беларускай сям’і, у якой хтосьці з родных не сядзеў бы за гэтае стагоддзе ў турме! А чаму ж тады вочы мае зачапіліся за гэтыя радкі і не прымружыліся ў салодкай мары, уяўляючы: “Каб астрогі запярліся Ад людзей на вечны век”… Як я разумею Якуба Коласа! Так напісаць мог толькі чалавек, які адсядзеў у Пішчалаўскім замку тры гады. І я там сядзеў - зараз там знаходзіцца СІЗА №1.
__________
Пад агульнай назвай “Зацемкі з няволі” сабраныя рознага кшталту ўспаміны, развагі, лірычныя адступленні з лістоў Алеся Бяляцкага, дасланых з бабруйскай калоніі.
Чытайце таксама:
Зацемкі з няволі. “Хай Бог дасьць пажыць у праўдзе – усім-усім!”
Зацемкі з няволі. Пра адзін жыцьцёвы шлях да беларушчыны
Зацемкі з няволі. Метамарфоза “нефармала”
Зацемкі з няволі. Пра крыніцы аптымізму
Зацемкі з няволі. Пра дзіцячую дабрачыннасьць
Зацемкі з няволі. Пра паэтычныя экспромты – студэнцкія і сёньняшнія