viasna on patreon

Зацемкі з няволі. Пра паэтычныя экспромты – студэнцкія і сёньняшнія

2013 2013-01-19T21:40:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_akulin-homel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі і Эдуард Акулін у Гомелі

Алесь Бяляцкі і Эдуард Акулін у Гомелі

З ліста Алеся Бяляцкага ад 30 сьнежня 2012

Сапраўдным калядным падарункам для мяне зьявіўся пакет са зборнікам майго сябра, выдатнага беларускага паэта Эдуарда Акуліна “Малітва воч”. Эдуарду на праваслаўнае Раство, 7-га студзеня, споўніцца 50 гадоў, “залаты” юбілей. Вось у такія залатыя колеры і аформлены зборнік вершаў і перакладаў. Мне хочацца напісаць пра гэты зборнічак болей. І я гэта пастараюся зрабіць крыху пазьней. А вось на Новы год я буду чытаць яго вершы…

 

Едрусь падпісаў мне гэты зборнік паэтычным экспромтам:

“Як сонца з хмары,
Як мова зь песьні -
Мы не загінем,
Мы ўваскрэсьнем!”

Памятаю, як у студэнцкія гады мы жартавалі, гарэзьнічалі і выдурняліся, складаючы паэтычныя экспромты на любы выпадак. Кінуты адным з нас у паветра, на ўдачу, паэтычны радок другі мусіў падхапіць і працягнуць. Атрымлівалася часам сьмешна. Ды Едрусь даўно ўжо дасягнуў таго ўзроўню паэтычнага майстэрства, калі ўсё, што ім пішацца, зьяўляецца Паэзіяй. Беларускае слова з ягоных вуснаў зараз, як гарачае жалеза на кавадле ў каваля, гнуткае і падатлівае. Ён можа выштукаваць з яго ўсё, што задумае і захоча.

Значэньне літаратараў у жыцьці народаў велізарнае. Яны дапамагаюць кшталтаваць душу народу. І калі празаікі паказваюць яе сутнасьць і глыбіню, то паэты – здольнасьці роднае мовы.

Эдуард Акулін – рыцар беларускага прыгожага пісьменства. Яго рыцар і бард. У цяперашні няпросты для беларускай мовы час ён – знакавы паэт сучаснасьці. І “сонца з хмары” – гэта ўсе мы, гэта ўся нашая беларушчына, гэта мы ў ёй, а яна ў нас. І ўсё, што было да нас і будзе пасьля. Едрусь перакананы, што хмары сплывуць, а сонца – застанецца!

__________

Пад агульнай назвай “Зацемкі з няволі” сабраныя рознага кшталту ўспаміны, развагі, лірычныя адступленні з лістоў Алеся Бяляцкага, дасланых з бабруйскай калоніі.  

Чытайце таксама: 

Зацемкі з няволі. З нагоды Калядаў і Новага году

Зацемкі з няволі. “Хай Бог дасьць пажыць у праўдзе – усім-усім!”

Зацемкі з няволі. Пра адзін жыцьцёвы шлях да беларушчыны

Зацемкі з няволі. Метамарфоза “нефармала”

Зацемкі з няволі. Пра крыніцы аптымізму

Зацемкі з няволі. Пра дзіцячую дабрачыннасьць

Зацемкі з няволі. Мовазнаўчыя

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства