Вечарына памяці шчырага сябра беларусаў (+фота)
Дэмакратычная грамадскасць 14 студзеня ў Менску адзначыла дзень памяці вядомага чэхаславацкага дысідэнта - сімвала “аксамітнай рэвалюцыі”, першага прэзідэнта незалежнай Чэхіі Вацлава Гавела, які пайшоў з жыцця 18 снежня 2011 года.
Імпрэза была арганізаваная намаганнямі такіх няўрадавых аб’яднанняў, як “Рух “За свабоду”, Камітэт рэпрэсаваных “Салідарнасць”, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Падчас вечарыны з словамі пра спадара Гавела, шчырага сябра беларускага народу, выступілі прадстаўнік “Вясны” Валянцін Стэфановіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, дырэктар беларускай рэдакцыі Радыё “Свабода” Аляксандр Лукашук і госці вечарыны - выконваючая абавязкі амбасадара Чэхіі ў Беларусі спн. Дагмар Дыдзенка-Наваградска і амбасадар Славакіі сп. Марыян Сэрватка.
Гісторыі, якія распавядалі выступоўцы, яшчэ раз запэўнівалі ў тым, што спадар Гавел усімі магчымымі сродкамі падтрымліваў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, і палітыкаў, і культурных дзеячоў Беларусі, абараняючы права беларусаў жыць у свабоднай дэмакратычнай краіне, якая б з’яўлялася часткай аб’яднанай Еўропы.
І, як адзначыла спн. Дагмар Дыдзенка-Наваградска, чэшскі народ ганарыцца тым, што іх
першы прэзідэнт рабіў справу на карысць Беларусі. “Я хачу сказаць, што Вацлаў Гавел ніколі не адмовіўся ад сустрэчы з
беларускімі апазіцыянерамі. Ён з’яўляецца адным з заснавальнікаў “Грамадзянскай
Беларусі” і яго сяброўства ў гэтай няўрадавай арганізацыі вельмі паўплывала на
тое, каб пытанні Беларусі сталі вядомыя не толькі ў Чэхіі, але і ў іншых
краінах свету, - зазначыла чэшская дыпламатка. - Трэба яшчэ ўзгадаць, што Вацлаў Гавел асабіста напісаў ліст пра тое,
каб вядомы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў, атрымаўшы від на жыхарства, змог
застацца ў Чэхіі, пражыўшы там амаль да канца сваіх дзён. Мы ўсім гэтым
ганарымся”. Таксама яна нагадала, што апошні напісаны Вацлавам Гавелам ліст
быў адрасаваны беларускім палітвязням. “Я
б хацела выказаць надзею, што ў будучым такія лісты ўжо не спатрэбяцца. І
дзякую за тое, што Вацлаў Гавел жыве ў вашых сэрцах так, як у сэрцах чэхаў”.
Пра стаўлення Гавела да беларусаў казаў і дырэктар беларускай рэдакцыі Радыё “Свабода” Аляксандр Лукашук, які прыехаў на вечарыну з Прагі. “Калі паглядзець на здымкі ў гэтай залі, то бачым, што Аляксандр Мілінкевіч, Андрэй Дынько, Алесь Бяляцкі - многія з ім сустракаліся, многіх ён вельмі любіў, цаніў і шанаваў. Але я хачу распавесці пра наступную сустрэчу. У 2001 годзе, калі быў напад тэрарыстаў на Нью-Йорк, у працоўным календары Вацлава Гавела была запланаваная сустрэча з Васілём Быкавым. Я думаю, што, відаць, усе прэзідэнты Еўропы, за выключэннем аднаго, гэтую сустрэчу ў гэты дзень бы адмянілі. Гавел – не адмяніў. Калі ўпалі гэтыя дзве вежы, калі свет не ведаў, што будзе адбывацца, ці будуць ядзерныя ўдары далей, калі самалёт прэзідэнта Злучаных Штатаў быў у паветры, не сядаў, Гавел прыняў Быкава. Настолькі яму была важная гэтая сустрэча і настолькі ён разумеў, што такое Беларусь. І вось ужо праз год пасля смерці Васіля Уладзіміравіча мы, пражскія беларусы, сабраліся ў кавярні, каб адзначыць яго дзень нараджэння. І ў гэтай самай кавярні праходзіла нейкая пасяджэнне, на якім быў Гавел. І мы перадалі яму запросіны. Ён кінуў сваё пасяджэнне, далучыўся да нас і разам з намі адзначыў дзень нараджэння Быкава…”
“Ён ужо даўно стаў героем беларускай літаратуры”, - заўважыў пісьменнік Уладзімір Арлоў, распавядаючы пра свае асабістыя сустрэчы з Вацлавам Гавелам. “Мне пашчасціла быць дэлегатам кангрэсу міжнароднага ПЭН-клубу, які адбываўся ў 1994-м годзе ў Празе. Якраз тады адбылося некалькі эпізадычных сустрэч з Гавелам, але яны запомніліся на ўсё жыццё”. Пасля гэтага кангрэсу сп. Арлоў напісаў эсэ “Нумар з відам на Градчаны”, вытрымкі з якога, прысвечаныя сустрэчам з Гавелам, аўтар зачытаў гасцям імпрэзы. “Для мяне кангрэс пачынаецца з таго, што нечыя сталёвыя рукi ашчадна падхоплiваюць мяне ззаду пад пахi i, як шахматную фiгуру, перастаўляюць на паўмэтра ўбок. Па зладжаным такой мэтодаю праходзе спружынiста ўзьбягае на сцэну і кажа прывiтальную прамову Вацлаў Гавэл. Памiж iншага дэлегатам прапануецца гiсторыя пра прэзыдэнтавага сябра, якi адмовiўся заняць высокую дзяржаўную пасаду, спаслаўшыся на тое, што хоча захаваць свабоду творчасьцi. “Хто ж будзе гарантаваць гэтую свабоду, калi ўсе мы возьмем зь яго прыклад?” — пытаецца прэзыдэнт i глядзiць у залю, дзе ягоная апэляцыя не выклiкае прыкметнага энтузiязму”. Пасля прачытання яшчэ аднаго фрагменту Уладзімір Арлоў зазначыў: “Я мару пра той час, калі ў нас будзе такі прэзідэнт, як Вацлаў Гавел”. Пісьменнік распавёў, што іх чацвертая сустрэча адбылася летась у сакавіку на сагіле Вацлава Гавела, якая знаходзіцца ў Празе праз вуліцу ад офіса Радыё “Свабода”. “На магіле Гаўла я згадаў ягоныя словы, сказаныя на адной з канферэнцыяў у Празе за пару гадоў да яго сыходу. Там ён сказаў, што глыбока перакананы ў тым, што канфігурацыя дэмакратычнай Еўропы набудзе сваю завершанасць толькі тады, калі ў яе ўвойдзе Беларусь. Я веру, што гэта абавязкова станецца”.
Амбасадар Славакіі Марыян Сэрватка, філолаг па адукацыі, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад Гавела як таленавітага публіцыста і драматурга, параіўшы ўсім пачытаць яго эсэ, і нагадаў прысутным, што пра “Хартыю’77”, да якой далучыліся і прадстаўнікі славацкай інтэлігенцыі. “Хачу сказаць пра феномен Хартыі. Памятаеце, 68-мы год, Пражская вясна, якая пачалася ў Браціславе, пасля савецкая інтэрвенцыя, і тое, што пасля прыйшло – гэта ўжо быў жах. Паўстае Хартыя. І ў Хартыі сустрэліся антыкамуністы, высокапастаўленыя камуністы з Чэхіі. У Хартыі было не шмат славакаў. У гісторыі Хартыі вядома 38 прозвішчаў з Славакіі. Гісторыкі кажуць, што Прага тады была вельмі далёка ад Браціславы. Гэта сказаў Гавел, які прыехаў у Браціславу спецыяльна, каб запрасіць славацкіх інтэлектуалаў у Хартыю. Дамінік Татарка, вельмі знакаміты славацкі пісьменнік, першым падпісаў Хартыю, пасля чаго пачалі далучацца і іншыя славакі. Пра гэта ў сваіх мемуарах пісаў Вацлаў Гавел…”
Пазней Вацлаў Гавел неаднаразова падкрэсліваў: “Ва ўмовах таталітарнага, напаўтаталітарнага, посттаталітарнага, аўтарытарнага, паўаўтарытарнага рэжыму ўсе тыя, хто хочуць пераменаў да лепшага, павінны свабодна аб'яднацца. І калі ёсць добрая воля і калі зміраюцца асабістыя амбіцыі, могуць аб'яднацца вельмі многія людзі, якія думаюць па-рознаму - каб знайсці мінімальную згоду”. “Хартыю’77” адзін з яе заснавальнікаў ацэньваў як удалую “мадэль супраціву таталітарнаму рэжыму, у руках якога былі ўсе сілавыя механізмы”.
Маніфест чэхаславацкіх дэсідэнтаў, у якім крытыкаваўся ўрад краіны за невыкананне правоў чалавека, быў апублікаваная ў заходнім друку 6 студзеня 1977 года. Пад “Хартыяй” стаялі імёны 242 падпісантаў, многія з іх пасля гэтага патрапілі пад рэпрэсіі з боку ўладаў.
Як нагадаў у сваім выступе прадстаўнік ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, нагодай для абвяшчэння “Хартыі” стаў арышт удзельнікаў чэхаславацкага андэграунд-гурта The Plastic People of the Universe: “Гэтых музыкаў абвінавацілі ў арганізацыі сацыяльных беспарадкаў. Суд над імі адбываўся адкрыта, Вацлаў Гавел асабіста прысутнічаў на ўсіх судовых працэсах, і ён казаў,што не важна, за што людзей садзяць у турму – за палітычныя перакананні ці за тое, што яны носяць даўгія валасы і граюць тую музыку, якую яны хочуць граць. Менавіта з гэтага пачалася акцыя салідарнасці з “Пластыкамі” і ўзнікла “Хартыя’77”.
Адзначым, што падчас імпрэзы выступаў забаронены беларускімі ўладамі музыка – Лявон Вольскі.
Фота з сайта svaboda.org