viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: “Я лічу Вацлава Гавэла сваім духоўным настаўнікам”

2012 2012-01-16T18:24:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/homo_homini_award.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
В.Гавел і А.Бяляцкі. Уручэнне прэміі «Чалавек чалавеку». Прага, 2006 год.

В.Гавел і А.Бяляцкі. Уручэнне прэміі «Чалавек чалавеку». Прага, 2006 год.

Алесь Бяляцкі ў ліставаньні з сябрамі распавядае, што ў часы смутку, пасьля сьмерці бацькі, вялікім суцяшэньнем для яго стаў ліст ад Вацлава Гавэла, атрыманы ім 6 студзеня.

“Сёньня прыйшла пошта і ад аднаго ліста мне стала вусьцішна. Бо ён ад… Вацлава Гавэла. Ліст па-чэшску, з ягоным подпісам і ягоным “фірмовым” сардэчкам, якое ён паўсюль ставіць разам з подпісам. Прыкладзены таксама пераклад па-беларуску. Ліст ад 15.12.11”, - піша праваабаронца з-за кратаў.

Далей ён цытуе віншавальныя словы, дасланыя спадаром Гавэлам незадоўга да ягонай сьмерці беларускім палітвязьням:

“Дарагія сябры,
Хацеў бы сардэчна вас павіншаваць на парозе Новага году і пажадаць вам і вашым блізкім, каб ён быў лепшым за мінулы. Выказваю салідарнасьць з вашай пазіцыяй і буду і надалей выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб разам са сваімі сябрамі зьвяртаць увагу міжнароднай грамадзкасьці на парушэньне грамадзянскіх правоў у Беларусі.
Жадаю вам усяго добрага і свабоды вашай краіне”.

Алесь піша, што гэты ліст яго моцна ўразіў, паколькі з інфармацыі па тэлебачаньні ён даведаўся пра сьмерць гэтага чалавека. Праваабаронца прыгадвае свае сустрэчы са спадаром Гавэлам:

“Адна – калі я быў у складзе беларускай дэлегацыі, дзесьці ў 2005 годзе. Тады зь ім сустракаліся Станіслаў Шушкевіч, Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Алесь Міхалевіч і я.

Другім разам мы з Валянцінам Стэфановічам сустракаліся з ім у 2006-ым годзе, калі ён уручаў мне і “Вясне” прэмію Homo Homini [гэтая прэмія асаблівая тым, што ськіравана на прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці да сітуацыі з правамі чалавека і іх абаронцамі, якія патрабуюць неадкладнага ўмяшаньня з боку міжнародных арганізацыяў і ўсёй сусьветнай супольнасьці – рэд.] . Гэтае ўручэнне адбывалася падчас масштабнага фестывалю праваабарончых фільмаў One World , якія праводзіцца ў Празе няўрадавай арганізацыяй “Чалавек у нястачы”. Прагляд фестывальных фільмаў  праходзіў у былым вялікім касьцёле. А затым – гэтае ўручэньне, якое мяне моцна ўразіла, бо я лічыў Вацлава Гавэла сваім духоўным настаўнікам. Хоць мы і не былі блізка знаёмыя.

Пасьля ўручэньня ў нас з Валянцінам была 20-хвілінная размова ў цесным коле са спадаром Гавэлам. Мы выпілі разам з ім па кілішку “Фэрнэту” і пагаварылі наконт сітуацыі ў Беларусі. Нічога асаблівага не было, але я запомніў тое, што ён даволі добра арыентаваўся ў грамадзка-палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

За што я яго паважаў і паважаю – за сапраўдную, не каньюктурную, салідарнасьць з дэмакратычнымі сіламі, з беларускім народам. Я проста на духоўным узроўні пры сустрэчы адчуваў, што мы з ім адной крыві. Гэта як з іншымі праваабаронцамі, ня важна з якой краіны ці кантыненту, такое я адчуваў і ў Расіі, і на Кубе, і ў Тунісе, і ў Францыі. Нягледзячы на тое, што ён быў два тэрміны прэзідэнтам Чэхіі, улада не сапсавала яго. Я, вядома, паважаў яго за інтэлігентнасьць, за тое, што ён быў сусьветна вядомым пісьменьнікам, і за той стаіцызм, з якім ён пераносіў рэпрэсіі ў дачыненьні да яго. Ён выступаў за правы чалавека і перасьледваўся ў значна больш жорсткія часы. Але ў яго была высокая непахісная вера ў тое, што ён мае рацыю і што чэшскі народ варты лепшага.
На жаль, з ягонай сьмерцю ў беларусаў, у дэмакратычна настроеных грамадзянаў, на данаго сябра ў сьвеце стала меней.

Я таксам спачуваю чэшскаму народу, які страціў выдатную і вялікую постаць, чалавека, які рэальна паўплываў на пазітыўныя зьмены ў гісторыі Чэхіі.
Гэты ліст падтрымкі з подпісам Вацлава Гавэла зараз самае каштоўнае, што ёсць са мною тут.

Як зьнікаюць вялікія зоркі і сьвет ад іх ідзе яшчэ доўгія гады, асьвятляючы цемру, так і ліст Вацлава Гавэла да мяне зьявіўся такім жывым промнем ужо пасьля ягонай сьмерці”.

Алесь Бяляцкі таксама перадае шчырую падзяку ўсім тым, хто дасылаў яму словы падтрымкі: “Людзі завальваюць літаральна мяне паштоўкамі і лістамі з віншаваньнем з Новым годам і спачуваньнем з прычыны сьмерці бацькі. Усім я адказаць не магу, а так хацелася б падзякаваць за падтрымку…”

Нагадаем, зараз Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў жодзінскай турме №8 і чакае разгляду ў Менгарсудзе касацыйнай скаргі на прысуд, паводле якога ён асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Праваабаронца сваёй віны не прызнае і лічыць гэты прысуд палітычна матываваным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства