Пайшоў з жыцця Вацлаў Гавел
18 снежня ў Празе ў выніку ўскладненняў пасля працяглай хваробы памёр Вацлаў Гавел - сусветна вядомы драматург, дысідэнт, які стаў сімвалам “аксамітнай
рэвалюцыі” і першым прэзідэнтам Чэхіі.
“Я ўсё часцей думаю пра надыходзячую смерць
і разважаю пра
тое,
што будзе пасля яе. Я не толькі думаю, але і адчуваю скурай, што я нейкім чынам
павінен быць да яе падрыхтаваны, і сапраўды не ведаю, чаму не хачу паміраць, але
вельмі
не хачу… Я хацеў бы быць саюзнікам усіх разумных
людзей, якім ёсць справа да ўсеагульнага дабра”, - пісаў ён у сваім маналогу-развагах.
Вацлаў Гавел, маральны аўтарытэт якога сёння прызнаны ўсёй Еўропай, на працягу
многіх гадоў быў сябрам для дэмакратычнай грамадскасці Беларусі.
Усімі магчымымі сродкамі – заяўляючы пра права беларусаў жыць у свабоднай дэмакратычнай краіне, якая б з’яўлялася часткай аб’яднанай Еўропы - спадар Гавел падтрымліваў дэмакратычны рух, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці нашай краіны. Падтрымку і салідарнасць з яго боку да апошняга моманту адчувалі і сябры Праваабарончага цэнру “Вясна”. У сакавіку 2006-га года Алесь Бяляцкі з рук Вацлава Гавела атрымаў прэстыжную чэшскую прэмію "Чалавек чалавеку" (Homo Homini). А пасля таго, як кіраўнік “Вясны” апынуўся ў зняволенні, спадар Гавел пагадзіўся далучыцца да Міжнароднага камітэту ў падтрымку вылучэння Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру 2012 году, падкрэсліўшы, што “сябры чэшскай арганізацыі "Грамадзянская Беларусь", якая даўно працуе з беларускай грамадзянскай супольнасцю, будуць разам праводзіць кампанію ў падтрымку Алеся Бяляцкага ў Чэшскай рэспубліцы”.
У хвіліны смутку з нагоды сыходу Вацлава Гавела хочацца звярнуцца да аднаго з апошніх яго пісьмовых маналогаў, каб на развітанне прайсціся шляхам разважанняў гэтага Вялікага Чалавека:
“Пра час і пра сябе...
Часам я кажу сабе, што ў пэўнай ступені стаў памылкай гісторыі, гэткім кундэраўскім жартам гісторыі. То бок я апынуўся ў становішчы і ролі, якія я, магчыма, наогул не заслужыў і якія сталі следствам бясконцага мноства выпадковасцяў.
Годзе ў 1975-м мяне стала мучыць пачуццё, што я толькі аб'ект падзеяў і толькі чакаю, што ўлада вырашыць са мной рабіць. Пасадзяць мяне ці не пасадзяць, будуць мяне пераследваць больш ці менш. Я вырашыў, што павінен зрабіць штосьці, што, наадварот, іх прымусіць мучыцца тым, што ім са мной рабіць. У такім псіхічным стане я напісаў свой адкрыты ліст Густаву Гусаку.
Цярпець не магу садзіцца за пустую старонку, у мяне страх любога пачатку, я адкладаю яго і рознымі спосабамі ўвільваю. Эра прэзідэнцтва ў гэтым сэнсе паслужыла для мяне добрай школай. Па выходных я заўсёды павінен быў - падабалася мне гэта ці не - пісаць свае прамовы, і ніхто мяне не пытаўся, ці ёсць у мяне на гэта натхненне і настрой.
Я не задракуся ад сваёй грамадзянскай ролі, але ўжо не так уважліва сачу за палітыкай. Яна мяне часам хутчэй забаўляе, таму што бачыцца мне як серыя напаўбульварных сенсацыяў.
Я сам сябе адчуваю чалавекам досыць дэпрэсіўным, але ў мяне, напэўна, настолькі моцная воля, што я гэтага не паказваю. Я не люблю канфлікты і канфрантацыі і мару пра гармонію.
Ужо сорак гадоў ад мяне хочуць, каб я ўвесь час кагосьці падбадзёрваў і сеяў вакол сябе надзею. Але дзе ж яе без канца чэрпаць, скажыце на літасць?
Пра пажаданае і сапраўднае...
Услед за эйфарыяй, калі ўсе радаваліся падзенню жалезнай заслоны і былі поўныя ахвярнасці, адвагі і захаплення дэмакратыяй, прыйшла нейкая зваротная хваля - як быццам адкрыліся шлюзы для цёмных пачуццяў і інстынктаў грамадства.
Небяспеку першых прыкметаў апатыі да зла мы, якія перажылі гэтае зло ў таталітарнай сістэме, павінны былі адчуць адразу.
Тэорыя меншага зла не адмяняе тое, што і меншае зло ўсё ж зло.
Калі і існуе нешта накшталт нацыянальнага інтарэсу, то ім павінна стаць абарона мовы. Мова, якой кажуць у СМІ, мова, якой кажуць палітыкі, - гэта проста катастрофа. Не тое каб я ўмею гаварыць лепш, але, па меншай меры, я звяртаю на гэта ўвагу.
У недэмакратычных умовах слова атрымлівае куды большую сілу, чым цэлая армія выбаршчыкаў або салдатаў. Але мы ніколі не ведаем, наколькі праўдзівае слова, якое ўплывае на рэальнасць.
Вялікая памылка - чакаць ад пераследуемых дысідэнтаў, якія раптам сталі прэзідэнтамі, што яны умомант зменяць ўвесь гэты свет.
Для людзей у многіх частках свету характэрныя дзве кропкі гледжання. З аднаго боку, яны смуткуюць па росквіту, які бачаць на Захадзе; а з іншага, яны супраць імпартавання заходніх каштоўнасцяў і стыляў жыцця як справы рук д'ябла. І калі якая-небудзь перыферыйная культура ўсё ж адаптуецца да сучаснай тэхнічнай цывілізацыі і квітнее, гэта часта дасягаецца такімі спосабамі, што ў заходніх дэмакратаў валасы ўстаюць дыбарам. Карацей кажучы, дэмакратыя ў яе сучаснай заходняй форме выклікае скептыцызм і недавер у шматлікіх частках свету.
Дзе ляжыць тое забытае вымярэнне дэмакратыі, якое магло б забяспечыць ёй сусветны рэзананс?
Пра жыццё і смерць...
Нядаўна я прачытаў выдатную кнігу псіхатэрапеўта чэшска-амерыканскага паходжання. У гэтай кнізе аўтар з высокай ступенню падрабязнасці і дакладнасці апісвае метады, якія дазволілі яму пасля доўгіх гадоў працы рэканструяваць з чалавечай падсвядомасці тыя перажыванні, пра якія да нядаўняга часу толькі вельмі нямногія мелі хоць невялікае ўяўленне - а менавіта дародавыя перажыванні чалавечага эмбрыёну ад зачацця да моманту нараджэння. Затым аўтар паказвае, што багацце гэтых перажыванняў выдатным чынам адпавядае з усімі базавымі ўяўленнямі або сюжэтамі, якія мы знаходзім - у тысячах канкрэтных формаў - ва ўсіх антычных міфах, легендах і чароўных казках і, больш за тое, ва ўсіх рэлігіях. Культуры, якія сфармаваліся шмат тысячагоддзяў таму, культуры, якія стваралі сваю міфалогію і рытуальную практыку цалкам незалежна адзін ад аднаго, працуюць з тымі ж базавымі архетыпамі, перадумовы якіх сучасная навука ў цяперашні час выяўляе ў глыбінях чалавечай падсвядомасці ў якасці дародавых перажыванняў. Я быў нечакана захоплены гэтым адкрыццём. Яно сведчыць пра наяўнасць глыбокіх і фундаментальных перажыванняў, якія з'яўляюцца агульнымі для ўсёй чалавечай расы - а таксама пра тое, што сляды гэтых перажыванняў можна выявіць ва ўсіх культурах, незалежна ад таго, наколькі яны аддаленыя або адрозныя адзін ад аднаго.
Я ўсё часцей думаю пра надыходзячую смерць і разважаю пра тое, што будзе пасля яе. Я не толькі думаю, але і адчуваю скурай, што я нейкім чынам павінен быць да яе падрыхтаваны, і сапраўды не ведаю, чаму не хачу паміраць, але жахліва не хачу.
Я хацеў бы быць саюзнікам усіх разумных людзей, якім ёсць справа да ўсеагульнага дабра. Людзей, якія не апантаныя якой-небудзь канкрэтнай ідэалагічнай дактрынай і не фальсіфікуюць рэчаіснасць, каб яна падыходзіла да гэтай дактрыны.
Задача інтэлектуала, акрамя ўсяго іншага, - падобна Касандры прадбачыць розныя пагрозы, жахі і катастрофы. Задача палітыка - прыслухоўвацца да ўсіх папераджальных галасоў, крытычна ацэньваць небяспеку і ў той жа час інтэнсіўна думаць пра тое, як яе пераадолець або пазбегнуць. Я не магу ўявіць, што палітык змог бы проста жыць з тым веданнем, што ўсё абернецца самым дурным чынам, і ўсё ж працягваць заставацца палітыкам.
Выратаванне чалавецтва заключана ў сэрцы ў чалавека, у здольнасці чалавека да самапазнання, у чалавечай лагоднасці і ў чалавечай адказнасці”.
(Тэкст прыведзены паводле публікацыі партала “Время”)