Гавэл далучыўся да камітэту ў падтрымку Бяляцкага
Палітык Вацлаў Гавэл пагадзіўся далучыцца да Міжнароднага камітэту ў падтрымку вылучэньня арыштаванага праваабаронцы Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру 2012 году.
Драматург, дысыдэнт, апошні прэзыдэнт Чэхаславаччыны і першы прэзыдэнт
посткамуністычнай Чэхіі паведаміў пра сваё рашэньне далучыцца да
Міжнароднага камітэту ў лісьце да кіраўніка руху "За свабоду" Аляксандра
Мілінкевіча.
У сваім лісьце Вацлаў Гавэл падкрэсьлівае, што ён з радасьцю далучаецца
да міжнароднай ініцыятывы ў справе падтрымкі вылучэньня Алеся Бяляцкага
на Нобелеўскую прэмію міра і што сам у патрэбны час напіша ліст
падтрымкі. Ён таксама зазначыў, што чальцы чэскай арганізацыі
"Грамадзянская Беларусь", якая даўно працуе зь беларускай грамадзянскай
супольнасьцю, будуць разам праводзіць кампанію ў падтрымку Алеся
Бяляцкага ў Чэскай рэспубліцы.
Дарадца дарадца старшыні Руху “За Свабоду” Алесь Лагвінец паведаміў, што ў склад Міжнароднага аргкамітэту ў тым ліку ўваходзяць:
- старшыня Маскоўскай Хэльсінкскай групы Людміла Аляксеева
- прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі па правах чалавека (FIDH) Сухаір Белхасэн
- выканаўчы дырэктар Фундацыі дамоў правоў чалавека Марыя Далэ (Нарвэгія)
- Старшыня Нацыянальнай фундацыі падтрымкі дэмакратыі Карл Гэршман (ЗША)
- Старшыня “Фрыдам Хаус” Дэвід Крэймер (ЗША)
- рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Анатоль Міхайлаў
- старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла
- дэпутат Бундэстагу Марылуіза Бэк
- нямецкі дыплямат Ханс-Георг Вік
Алесь Бяляцкі, кіраўнік зачыненага беларускімі ўладамі
праваабарончага цэнтра "Вясна", знаходзіцца пад арыштам ад 4 жніўня. Яго
вінавацяць ва ўтойваньні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Падставай
для крымінальнага перасьледу праваабаронцы стала інфармацыя пра ягоныя
рахункі у замежных банках. Такую інфармацыю беларускім уладам перадалі
Мін'юст Літвы і Генпракуратура Польшчы. Улады гэтых краінаў публічна
папрасілі прабачэньня ў Бяляцкага і яго родных, а таксама прыпынілі
кантакты зь Беларусьсю ў рамках дамоваў пра прававую дапамогу.
Вызваленьня Бяляцкага патрабуюць міжнародныя праваабарончыя структуры,
кіраўніцтва Эўразьвязу, ЗША і шэрагу іншых дэмакратычных краін.