Незалежны сайт vrogacheve.ru замяніў выяву герба, каб пазбегнуць праследу з боку ўладаў
Рагачоўскі незалежны сайт vrogacheve.ru замяніў выяву герба горада на іншы сімвал, каб пазбегнуць праследу з боку мясцовага райвыканкама. Замест шэрага рогу на жоўтым фоне (герб Рагачова) уладальнікі сайта размясцілі часовы сімвал з выявай чатырох чалавек з чырвонай стужкай.
–За мінулы год наш сайт неаднаразова падвяргаўся ціску з боку мясцовых уладаў, – кажа мясцовы актывіст Дзяніс Дашкевіч. – Толькі мне прысудзілі выплаціць розных штрафаў у памеры 10 мільёнаў рублёў, у тым ліку і за працу, звязаную з публікацыямі на нашым рэсурсе (напрыклад, Дашкевічу прысудзілі вялізны штраф за быццам бы незаконнае выкарыстанне на сайце vrogacheve.ru міліцэйскіх зводак, узятых з сайта раённай газеты “Свабоднае слова” – заўв.аўт). Таму мы вырашылі крыху перастрахавацца.
Зараз, кажа Дашкевіч, распрацоўшчыкі сайта дапрацоўваюць новы лагатып.
–Гэта будзе выява герба Рагачова, толькі рог будзе жоўты, а фон – сіні, – кажа Дзяніс Дашкевіч.
Нагадаем, напярэдні Дзянісу Дашкевічу прыйшоў ліст з мясцовай адміністрацыі, дзе адзначалася, што незалежнаму сайту vrogacheve.ru забараняецца выкарыстоўваць на сваёй старонцы герб горада Рагачова без афіцыйнага дазволу райвыканкама. Дакумент быў падпісаны намеснікам старшыні Рагачоўскага райвыканкама Васілём Каральчуком. Чыноўнік папярэдзіў Дашкевіча, што ў выпадку, калі выява рога на жоўтым фоне з партала не будзе знята, уладальнікі сайта будуць прыцягнуты да адказнасці.