Рагачоўскаму апазіцыянеру пагражаюць адказнасцю за выкарыстанне афіцыйнай сімволікі горада на сайце (дакумент)
Рагачоўскаму актывісту Дзянісу Дашкевічу прыйшоў ліст з мясцовай адміністрацыі, дзе адзначаецца, што незалежнаму сайту vrogacheve.ru забараняецца выкарыстоўваць на сваёй старонцы герб горада Рагачова без афіцыйнага дазволу райвыканкама. У выпадку, калі ўладальнікі сайта не здымуць выяву рога на жоўтым фоне з партала да 14 снежня, яны будуць прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Дакумент падпісаны намеснікам старшыні Рагачоўскага райвыканкама Васілём Каральчуком.
–Насамрэч, мы ўпершыню сутыкаемся з такой незвычайнай пастановай, – кажа Дзяніс Дашеквіч. – Гэта, на мой погляд, тое самае, што апрануцца ў цішотку з афіцыйнай выявай герба горада ці Беларусі і быць прыцянгутым да адказнасці, таму што я не ўзгадніў гэтае пытанне з мясцовымі ўладамі.
Дашкевіч таксама звяртае ўвагу на тое, што на партале vrogacheve.ru выкарыстоўваецца не зусім той самы герб Рагачова, пра які дбае мясцовы райвыканкам.
–На сайце рог светла-шэрага колеру, а афіцыйная выява – чорны рог на жоўтым фоне, так што тут аніякага няма парушэння з нашага боку.
Цікава, што артыкул 7 Закона аб аўтраскіх і памежных правах сцвярждае, што афіцыйныя геральдычныя сімвалы (сцягі, гербы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь, геральдычныя знакі, сцягі, нагрудныя знакі, эмблемы дзяржаўных органаў) не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскага права, а значыць, іх выкарыстоўванне без спецыяльнага ўзгалднення не забаронена.