Раніцай 20 лютага будзе абвешчаны прысуд па крымінальнай справе Канстанціна Лукашова
Сёньня ў судзе Ленінскага раёну Менску прадстаўнік пракуратуры папрасіў пакараць Канстанціна Лукашова зьняволеньнем на два гады — з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на тры гады.
Судовае паседжаньне пачалося 15 лютага і сёньня працягвалася ўжо трэці дзень.
Навуковец Канстанцін Лукашоў абвінавачваецца па арт. 364 КК РБ, яму інкрымінуецца наезд на аўтамабілі на супрацоўніка міліцыі 29 сакавіка 2006 года, калі ён забіраў свайго брата Вячаслава Сіўчыка з аддзяленьня хірургіі 3-й клінікі Менска. Невядомыя людзі ў цывільным знакамі загадалі Канстанціну спыніцца, але ён гэтага не зрабіў, пазьней высьветлілася, што гэта былі супрацоўнікі МУС. Праз нейкі час адзін з міліцыянтаў зьвярнуўся ў пракуратуру з заявай пра тое, што яго нібыта зьбіў аўтамабіль Лукашова, ён прадставіў заключэньне медэкспертызы, што атрымаў чэрапна-мазгавую траўму. Была ўзбуджаная крымінальная справа.
Канстанціна Лукашова ўзялі пад варту 19 сьнежня, у той дзень, калі ягонай маці споўнілася 65 гадоў, і вось ужо два месяцы ён знаходзіцца за кратамі СІЗА. Падставай для арышту, паводле сьледчых, стала тое, што ён нібыта не зьяўляўся на допыты.
У судзе міліцыянт Анатоль Сушчэня прасіў спагнаць з Канстанціна два мільёны рублёў (гэта каля тысячы даляраў) матэрыяльнай кампенсацыі за нібыта сапсаваную вопратку. Аднак падчас судовага разгляду сьведкі з боку абвінавачаньня зьмянілі свае сьведчаньні. Паводле іх першапачатковай версіі, сп.Лукашоў нібыта адштурхваў супрацоўніка міліцыі (праходзіць па справе ў якасьці пацярпелага) ад машыны. На паседжаньні гэтыя сьведкі заявілі, што першапачатковыя сьведчаньні, якія ёсьць у матэрыялах справы, былі няправільнымі, і фактаў якога-небудзь сілавога ўздзеяньня Канстанцінам Лукашовым на супрацоўнікаў міліцыі яны не бачылі.
Нягледзячы на тое, што паказаньні некаторых сьведак супярэчылі абвінавачаньню, пракурор узяў за аснову паказаньні міліцыянта. Ён папрасіў пакараць Канстанціна зьняволеньнем на два гады з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на тры гады.
Адвакат Валянціна Шыханцова аспрэчыла высновы абвінавачаньня і папрасіла суд апраўдаць падабароннага, спаслаўшыся на тое, што першапачаткова не было падставаў для крымінальнай справы.
Заўтра, 20 лютага, а дзясятай раніцы судзьдзя Зінаіда Красоўская мае абвесьціць прысуд.