Аляксею Паўлоўскаму не дазволілі зняць копію з матэрыялаў судовай справы
Суддзя Ленінскага раёна Магілёва Юлія Трапыніна не дазволіла сфатаграфаваць матэрыялы справы цяжбы актывіста незалежнага прафсаюза РЭП з Магілёўскім домабудаўнічым камбінатам.
Аляксей Паўлоўскі кажа, што суддзя нічым сваё рашэнне не матывавала, а паступіла так, як ёй уздумалася.
“Яна напісала на маёй заяве – азнаёміць мяне без дазволу фатаграфаваць дакумент. Думаю, што яна замінае мне ў падрыхтоўцы касацыйнай скаргі. Прайшло ўжо сем дзён і яна, верагодна, робіць усё дзеля таго, каб я не паспеў падаць касацыю ў Магілёўскі абласны суд, каб абскардзіць яе незаконныя дзеянні і належным чынам азнаёміцца з матэрыяламі справы. З гэтай нагоды я зрабіў запіс у кнігу скаргаў суда Ленінскага раёна”, - гаворыць Аляксей Паўлоўскі.
Прафсаюзны актывіст адзначае, што ў суддзе з ДБК суддзя Юлія Трапыніна адмовіла ва ўсіх хадайніцтвах, у тым ліку не быў дапушчаны ў якасці прадстаўніка ад незалежнага прафсаюза РЭП праваабаронца Барыс Бухель. Не былі выкліканы ў суд сведкі, якія падпісалі пратакол працоўнага сходу аб нязгодзе з працаўладкаваннем Аляксея Паўлоўскага, было адмоўлена ў прадастаўленні з адказчыка арыгінала пратаколу гэтага сходу, таксама не быў прадастаўлены штатны расклад спецыяльнасці муляроў гэтай будаўнічай арганізацыі.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што суддзя Юлія Трапыніна парушыла тры артыкулы Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса – артыкул 18 “Дыспазітыўнасць”, артыкул 56 “Правы і абавязкі юрыдычна зарэгістраваных у выніку спраў асоб” і артыкул 61 “Працэсуальныя правы бакоў”.
“У гэтых артыкулах дакладна прапісана, што здымаць копіі з матэрыялаў справы можна. Там толькі не пазначана якім шляхам. Ёсць абмежаванні, калі справы закрытыя, аднак гэта не датычыцца справы Аляксея Паўлоўскага. Дагэтуль усе суддзі дазвалялі фатаграфаваць матэрыялы справы, у тым ліку гэта рабіла і суддзя Трапыніна. Я лічу, што яна разумее, што справа “шыта белымі ніткамі” і пры фатаграфаванні ўсё ўсплыве на вонкі і не будзе магчымасці гэта стаіць”, - гаворыць праваабаронца.
Нагадаем, што Аляксей Паўлоўскі чатыры разы спрабаваў працаўладкавацца па накіраванні цэнтра занятасці на Магілёўскі домабудаўнічы камбінат у якасці муляра 5-га разраду. Два разы яму адмовілі з-за таго, што арганізацыі не былі патрэбныя муляры з такім разрадам, а патрабаваліся спецыялісты з 6-м. Яшчэ два разы прафсаюзнаму актывісту адмовілі ў працаўладкаванні “праз нязгоду працоўнага калектыву”. Такі запіс быў зроблены супрацоўніцай аддзелу кадраў ДБК у накіраванні цэнтра занятасці.
Аляксей Паўлоўскі ўбачыў у нежаданні ДБК яго працаўладкоўваць працоўную дыскрымінацыю і звярнуўся ў суд. Праз суд ён хацеў уладкавацца на працу ў ДБК і спагнаць з прадпрыемства суму ў памеры амаль 21 мільён рублёў за вымушаны прагул з моманту першай спробы працаўладкавання. Суддзя Юлія Трапыніна пазоў прафсаюзнага актывіста не задаволіла.