Барысаў: «антыакцыя» да гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека
Своеасаблівую «антыакцыю» ладзяць барысаўскія праваабаронцы ў гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, свядома адмаўляючыся прасіць у мясцовых уладаў дазвол на правядзенне пікету.
На працягу апошняга дзясятка гадоў улады горада Барысава не дазволілі ні адной мірнай акцыі, ініцыяванай дэмакратамі. З гэтай нагоды праваабаронцы падалі ў Камітэт па правах чалавека ААН скаргу на дзеянні мясцовых вертыкальшчыкаў, якая была зарэгістраваная.
У адрозненне ад папярэдніх гадоў праваабаронцы не сталі падаваць заяўку на правядзенне пікету ў гонар знамянальнай даты.
«У мяне дома цэлы стос афіцыйных папер з адмовамі ў правядзенні мірных сходаў у горадзе Барысаве, з вынікамі судовых рашэнняў па абскарджанню гэтых адмоваў, з вынікамі абскарджання судовых рашэнняў у вышэйшых судах, - тлумачыць пазіцыю праваабаронцаў Алег Мацкевіч. - Лічу, што гэтагы стос дастатковы, каб з'яўляцца прамым доказам віны ўладаў Барысаўшчыны ў парушэнні асноўных правоў грамадзян, дэклараваных ў міжнародных актах, падпісаных Беларуссю. Таксама гэты стос варты таго, каб пра яго даведаліся нашчадкі ў краязнаўчым музеі ў экспазіцыі «Эпоха застою ў незалежнай Беларусі», куды, магчыма, у будучыні я яго адпраўлю на захаванне. Валодаючы абмежаванымі магчымасцямі па архіваванню злачынстваў улады, вырашыў часова адмовіцца ад падачы заявак на правядзенне мірнага сходу ў гонар гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб правах чалавека».