Брэст: грамадзянам Туркменістана не дазволілі наведаць начны клуб
Пра факт дыскрымінацыі паводле нацыянальнай прыналежнасці ў мясцовыя сродкі масавай інфармацыі паведамілі студэнты і выкладчыкі юрыдычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя Пушкіна.
Па словах намесніка дэкана па выхаваўчай працы гэтага факультэта Алены Марчук, інцыдэнт здарыўся ў начным клубе “Сфера”, што знаходзіцца ў адным з мікрараёнаў абласнога цэнтра. “Нашы студэнты – а гэта не толькі беларусы - вырашылі ўвечары адпачыць у згаданай установе, прычым яны былі разам з некаторымі выкладчыкамі, - распавяла Алена Марчук. – Аднак ахоўнікі адмовілся пусціць у залу асобных студэнтаў, заявіўшы проста: “бо яны – туркмены”. Адзінай матывацыяй, якая прагучала з вуснаў ахоўнікаў, было тое, што ў гэтым клубе раней адбылася сварка з удзелам грамадзян замежных дзяржаў, таму зараз усе іншаземцы – непажаданыя асобы”.
Беларускія калегі студэнтаў з Туркменістана, абураныя такім паводзінамі ахоўнікаў, паспрабавалі атрымаць аргументаваны адказ ад кіраўніцтва клубу “Сфера”. Намеснік дырэктара гэтай установы Віталь Юрэня патлумачыў, што ніякай дыскрымінацыі няма, а справа ў тым , што ў клубе уведзена карткавая сістэма і ўваход абмежаваны, каб на танцавальнай пляцоўцы не было мітусні. Але на пытанне, чаму гэтае абмежванне тычылася менавіта грамадзян Туркменістана (беларусаў пускалі без праблем), прадстаўнік клуба высунуў іншую версію – замежныя студэнты не зрабілі папярэдні заказ, а некаторыя з іх не мелі пры сябе пашпартоў. Студэнты юрфака БрДУ засталіся не задаволеныя такімі тлумачэннямі і збіраюцца рабіць захады, каб прадухіліць падобныя выпадкі ў будучым.