viasna on patreon

Яўгену Вапу адмоўлена ў атрыманні беларускай візы

2012 2012-11-21T08:30:44+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/wapa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя, старшыня Беларускага Саюза ў Польшчы Яўген Вапа

Старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя, старшыня Беларускага Саюза ў Польшчы Яўген Вапа

Асобай, непажаданай для беларускіх уладаў, застаецца старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя, старшыня Беларускага Саюза ў Польшчы Яўген Вапа. У консульстве ў Беластоку яму адмовілі ў магчымасці атрымання доўгатэрміновай візы. Дакументы на візу складаліся на падставе запрашэння ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Прыгадаем, што ў траўні мінулага года на мяжы Яўгену Вапу анулявалі дзейную беларускую візу, атрыманую таксама па запрашэнні “Бацькаўшчыны”.

Сітуацыю каментуе старшыня Рады Згуртавання Ніна Шыдлоўская:

- Першая адмова была зроблена спадару Яўгену адносна візы ў мінулым годзе. Тады таксама, як і зараз, “Бацькаўшчына” рабіла запрашэнне сябру Вялікай рады, старшыні Саюза беларусаў у Польшчы, сябру Кансультатыўнай рады па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Яўгену Вапу. І, незважаючы на ўсе гэтыя агучаныя мною пасады і рэгаліі, была зроблена адмова ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь і анулявана дзеючая віза. Відавочна, што пасля гэтай сітуацыі “Бацькаўшчына” імкнулася высветліць прычыны гэтага рашэння, не маючы асаблівага спадзявання на тое, што будзе шчыра і праўдзіва расказана. Так і адбылося. Мы атрымалі адказ з Міністэрства замежных справаў па першай адмове, дзе былі спасылкі на артыкулы закона, і выснова такая, што, маўляў, яны не абавязаны нам нічога тлумачыць. Пасля гэтага, відавочна, спадар Яўген не вельмі і хацеў звяртацца ў амбасаду, але мы лічым, што ягоная прысутнасць у Беларусі вельмі важная – і ў справах “Бацькаўшчыны”, і ўвогуле дзеля рэгулярных, сталых стасункаў беларусаў Беласточчыны і беларусаў Беларусі. І гэтым разам мы ўгаварылі спадара Яўгена яшчэ раз прайсці гэтае "кола", а паралельна напісаць у Міністэрства замежных справаў просьбу-хадайніцтва пра перагляд рашэння па ануляванні візы, каб з'явілася магчымасць атрымаць новую. 

Ніна Шыдлоўская кажа, што адмоўны вынік у атрыманні візы здзіўляе і абурае, хаця ў пэўным сэнсе і быў прадбачаным:

- Гэты вынік нібыта прадказальны. Але ад гэтага ён не менш здзіўляе і абурае. Таму што нам падаецца, што павінна нарэшце прыйсці разуменне, што нельга ігнараваць беларусаў, якія жывуць па-за межамі метраполіі, якія працуюць дзеля захавання беларускай прысутнасці ў краінах свайго пражывання. Нельга іх дзяліць на сваіх і чужых па нейкіх палітычных поглядах, па сацыяльным статусе, па рэлігійных прыкметах, як, на жаль, сёння назіраем з боку дзяржавы. 

“Бацькаўшчына” будзе працягваць рабіць спробы патрапіць на прыём да міністра замежных спраў Беларусі па гэтым пытанні. Тым больш, што ў ліпені наступнага года рыхтуецца правядзенне з’езду беларусаў свету.

Ніна Шыдлоўская таксама прыгадала, што надалей зацягваецца вырашэнне пытання з візай і для старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве - Хведара Нюнькі. 

"Гарадзенская вясна".



Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства