У Віцебску з’явіліся графіці ў падтрымку Зміцера Дашкевіча (фота)
Мясцовыя мінакі ў самых людных месцах горада сустракаюць зроблены праз трафарэт надпіс "Спыніце тэрор! Свабоду Дашкевічу!". Камунальныя службы пакуль не паспелі зафарбаваць надпісы ў падтрымку палітвязня, які частку тэрміну свайго зняволення адбываў на Віцебшчыне.
Зм.Дашкевіч адбываў пакаранне ў Глыбоцкай калоніі. Напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня
2010 года, Дашкевіча і яго паплечніка па «Маладому фронту»
Эдуарда Лобава затрымалі ў Мінску па абвінавачванні ў збіцці
двух мужчын, Алега Малышава і Канстанціна
Савіцкага. У сакавіку 2011 года Дашкевіч быў асуджаны да двух гадоў
пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Дашкевіч на судзе
заявіў, што бойка, пасля якой яго арыштавалі, была справакаваная ўладамі, каб нейтралізаваць
яго перад выбарамі.
Сёлета 28 жніўня лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, які адбываў двухгадовы
тэрмін паводле абвінавачаньня ў хуліганстве ў Глыбоцкай калоніі, на закрытым
выязным пасяджэнні быў асуджаны яшчэ на год за непадпарадкаванне патрабаванням
адміністрацыі папраўчай установы. З 19 верасня Дашкевіч пераведзены ў Мазырскую
калонію строгага рэжыму.
У зняволенні на знак пратэсту супраць правакацый і несправядлівага стаўлення з боку адміністрацыі калоніі Зміцер Дашкевіч некалькі дзён трымаў галадоўку.
Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Дашкевіча і Лобава палітычнымі вязнямі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала лідэра «Маладога фронту» вязнем сумлення.