Пратэстанцкі святар звяртаецца да ўладаў у звязку з ціскам на Змітра Дашкевіча
Епіскап Аб'яднанай царквы хрысціян веры евангельскай Сяргей Цвор просіць дзяржаўныя органы правесці расследаванне неправавых дзеянняў адміністрацыі папраўчай калоніі № 20 Мазыра ў дачыненні да зняволенага Дзмітрыя Дашкевіча. Адпаведны зварот святар накіраваў у Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Генеральную пракуратуру і дэпартамент выканання пакаранняў МУС.
Прыводзім тэкст зварота цалкам:
26 верасня 2012 г. у сродках масавай інфармацыі з’явілася інфармацыя пра ціск, які ажыцяўляецца на Дашкевіча Змітра Вечаслававіча з боку адміністрацыі Мазырскай папраўчай калоніі №20. У прыватнасці, адзначалі, што прастаўнікі адміністрацыі калоніі абразліва выказваліся ў дачыненні да пратэстанцкіх цэркваў і евангельскай веры Змітра Дашкевіча, гэтаксама з іхніх вуснаў гучалі пагрозы згвалтавання.
Зміцер Дашкевіч з’яўляецца членам царквы хрысціян веры евангельскай “Ян Прадвеснік” г. Мінска з 2006 г. Ягоны арышт і прысуд за нібыта здзейснены ім напад на двух мужчын выклікаў шмат пытанняў як непраўдападобнасцю падобных дзеяў з боку веруючага хрыціяніна, так і дзіўным правядзеннем працэсу, калі пацярпелых так ніхто і не пабачыў.
Інфармацыя пра ціск, скіраваны ў калоніі на Дашкевіча, выклікае нашую трывогу і занепакоенасць. Асабліва дзіўным падаецца тое, што кіраўнік калоніі Юрый Багданавіч Збароўскі, які называе сябе праваслаўным і па статусе пакліканы адказваць за законнасць і правапарадак, дазваляе сабе зняважлівае стаўленне да евангельскіх вернікаў. Бо не сакрэт, што дзякуючы дзейнасці евангельскіх хрысціян многія асуджаныя пакідаюць сваё мінулае крымінальнае жыццё і становяцца нармальнымі членамі грамадзтва. Але перадусім, пагрозы і знявагі з’яўляюцца недапушчальнымі ў дачыненні да ўсякага чалавека, верніка ці няверуючага, бо кожны чалавек з’яўляецца вобразам Божым і ўсялякая знявага ці прыніжэнне чалавека ў нейкай ступені зневажае і Творцу. Нядзіўна, што такія знявагі і пагрозы, у тым ліку і пагрозы згвалтавання, якія гучаць з вуснаў прадстаўнікоў адміністрацыі калоніі, вымуслі Змітра Дашкевіча на такую скрайнюю форму пратэста, як галадоўка.
Год таму падобная інфармацыя пра ціск на Змітра Дашкевіча з боку адміністрацыі Горацкай калоніі №9 таксама не пакінула нас абыякавымі.
У сувязі з вышэйзгаданым, просім правесці ўсебаковае расследванне фактаў неправавых дзеянняў адміністрацыі Мазырскай папраўчай калоніі №20 у дачыненні да Дашкевіча Змітра Вечаслававіча, і ужыць меры па недапушчэнні падобных фактаў у будучым. Мы, у сваю чаргу, будзем маліцца ў памесных цэрквах, каб жыццё і здароўе Змітра Дашкевіча былі ў бяспецы.
З малітвай,
В.а. япіскапа Аб’яднанай Царквы
хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь С.П. Цвор