Актывіст АГП Андрэй Дзьмітрыеў пакараны адміністратыўным арыштам тэрмінам 3 сутак, сёньня ён выходзіць на свабоду.
15 студзеня судзьдзя Партызанскага райсуду Менску Мікалай Трубнікаў вынес рашэньне аб пакараньні сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Дзьмітрыева - адміністратыўны арышт тэрмінам 3 сутак. Яго абвінавацілі ў правапарушэньні арт. 156 КаАП – дробнае хуліганства, нібыта ён нецэнзурна лаяўся і чапляўся да мінакоў.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька прыехаў раніцай у суд і пацікавіўся, калі будзе разглядацца справа. Судзьдзя Трубнікаў адказаў, што суд пачнецца пасьля прыёму грамадзянаў. Аднак неўзабаве высвятлілася, што Мікалай Трубнікаў схлусіў – ён ужо вынес рашэньне аб арышце. У суд прыехаў таксама эстонскі парламентар Сільвер Мейкар “для азнаямленьня з судовай сістэмай Беларусі”, паведаміла прэс-служба партыі.
Нагадаем, што сябра АГП Андрэй Дзьмітрыеў 12 студзеня быў гвалтоўна схоплены на вуліцы супрацоўнікамі ў цывільным. Яны даставілі яго ў Партызанскі РУУС Менска. Выходныя Дзьмітрыеў правёў у сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсціна, сёньня заканчваецца ягоны трохдзённы арышт..