Выкладчыка Гродзенскага ўніверсітэта звальняюць за казку пра Пагоню?
Імя новай магчымай ахвяры «зачысткі» ў гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы ўжо вядомае. Гэта беларускамоўны выкладчык Ігар Кузьмініч, які да верасня 2012 г. быў намеснікам старшыні юрыдычнага факультэта.
Як стала вядома рэдакцыі радыё «Твой стыль» ад супрацоўнікаў універсітэту, якія хацелі застацца невядомымі, ад загадчыка Інавацыйнага цэнтра юрыдычнай адукацыі Ігара Кузьмініча вымагаюць напісаць заяву на звальненне па пагадненні бакоў.
Наколькі нам стала вядома, прычынай звальнення сталі казка пра Пагоню і казка пра бел-чырвона-белы сцяг, напісаныя сп-м Кузьмінічам і змешчаныя ў яго блогу.
У кастрычніку 2010 г. некаторыя з казак сп-ра Кузьмініча былі выдадзеныя ў выглядзе аўдыёкнігі «Казкі Жыцця Мікіткі і Данілка». Сюжэт пра аўтара аўдыёкнігі быў паказаны нават па АНТ.
Тэлефон самога выкладчыка пакуль знаходзіцца па-за зонай дзеяння сеткі.
Нагадаем, што ў верасні з універсітэту быў звольнены гісторык Андрэй
Чарнякевіч, а з яшчэ некалькімі выкладчыкамі адбыліся «прафілактычныя
размовы» з удзелам супрацоўнікаў спецслужбаў.