viasna on patreon

У судзе скаргу Алеся Пушкіна разгледзелі па-беларуску і не задаволілі

2012 2012-10-02T16:11:01+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргу Алеся Пушкіна на тое, што падчас яго затрыманьня ў Смаргоні зь іншымі мастакамі міліцыянты адмовіліся зь ім размаўляць на беларускай мове, парушыўшы гэтым закон аб мовах, а таксама ў судзе не абвясьцілі рашэньня па-беларуску, хоць у залі ўвесь час прысутнічаў перакладчык.

Сам Алесь Пушкін у абласным судзе на разглядзе сваёй скаргі не прысутнічаў, бо адбывае пакараньне ў 10 сутак і толькі заўтра павінен выйсьці на волю. Паводле праваабаронцы Ўладзімера Хільмановіча, які быў сёньня ў залі суду, скаргу Пушкіна абласны судзьдзя разглядаў на беларускай мове.

Акрамя таго, што Пушкін у сваёй скарзе апэляваў да парушэньня закону аб мовах, ён канстатаваў, што падчас яго затрыманьня міліцыянты дапусьцілі і шэраг працэсуальных парушэньняў. Да прыкладу, падчас затрыманьня міліцыянты яму нават не паведамілі, што ён затрыманы, і не патлумачылі пры гэтым ягоныя правы.

​​Хільмановіч: «Судзьдзя сваё рашэньне матываваў тым, што ніякія законы не былі парушаныя, у тым ліку і закон аб мовах, паколькі Алесь Пушкін падчас працэсу сам прызнаў, што разумеў тое, што ад яго патрабуюць. Але меркаваньне Пушкіна і маё асабістае зводзіцца да таго, што міліцыянт мусіў гаварыць зь ім па-беларуску, бо ён службовая асоба».
Паводле Хільмановіча, падчас затрыманьня Пушкін прасіў міліцыянта паўтарыць загад на беларускай мове, а яго сілаю занесьлі ў машыну. У судзе Пушкін сваёй віны не прызнаў, але яго асудзілі на 10 сутак арышту за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі і ўдзел у ёй, а таксама за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

Адразу пасьля вынясеньня судовага рашэньня ў Смаргоні мясцовы праваабаронца Алесь Дзергачоў, які прысутнічаў падчас усяго працэсу, зрабіў выснову, што Пушкіна асудзілі за няведаньне смаргонскім міліцыянтам беларускай мовы. Сёньня ён таксама пракамэнтаваў для нашага радыё рашэньне абласнога суду.

​​Дзергачоў: «На мой погляд, у дадзеным выпадку адбылася дыскрымінацыя беларускамоўнага грамадзяніна. Паводле закону, калі грамадзянін беларускамоўны, ён павінен мець права на стасункі зь дзяржаўным служачым на беларускай мове, і дзяржаўны служачы павінен яму ў гэтым спрыяць. Але ў дадзеным выпадку атрымалася так, што факт дыскрымінацыі пацьверджаны і абласной судовай інстанцыяй».

Суд таксама аштрафаваў Алеся Цыркунова на адзін мільён рублёў, Генадзя Драздова — на 3 мільёны рублёў, Валянціна Варанішчу — на адзін мільён, смаргонскага актывіста Ўладзімера Шульжыцкага — на 3 мільёны. Мастакі вінаватымі сябе не прызналі і таксама абскардзілі рашэньне ў абласным судзе. Іхнія скаргі павінны быць разгледжаныя 18 кастрычніка. Кажа Генадзь Драздоў:

​​Драздоў: «У першую чаргу мы абскарджваем парушэньні працэсуальнага парадку: тое, што нам адмовілі адразу ў прадстаўленьні адваката; тое, што, затрымаўшы нас, не прад’явілі абвінавачаньня, а цэлую ноч пратрымалі ў камэрах; тое, што на рукі ня выдалі копіі абвінавачаньня — карацей, такія працэсуальныя парушэньні. Але ў нармальным судзе іх прынялі б да ўвагі, а тут...»

На пачатку верасьня мастакі Алесь Пушкін, Генадзь Драздоў, Валянцін Варанішча, а таксама грамадзкі актывіст Уладзімер Шульжыцкі зладзілі ў Смаргоні акцыю памяці кіраўніка антыкамуністычнага падпольля ў пасьляваенныя гады Расьціслава Лапіцкага.

Усе яны адстаялі ў царкве малебен, заказаны па нявінна забітым Расьціславу Лапіцкаму, пасьля чаго з партрэтамі Лапіцкага, якія самі намалявалі, ішлі па горадзе. На адной зь ціхіх вулак іх запынілі міліцыянты і даставілі ў пастарунак, дзе на ўсіх склалі пратаколы за правядзеньне несанкцыянаванага шэсьця. Мастакоў пратрымалі ў пастарунку ўсю ноч.

Расьціслаў Лапіцкі нарадзіўся 1 верасьня 1928 году ў вёсцы Касута Вялейскага раёну. Расстралялі яго 28 кастрычніка 1950 году за тое, што стварыў моладзевую падпольную арганізацыю, якая распаўсюджвала лістоўкі супраць Сталіна і бальшавіцкай улады.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства